Зварот Шайн выявіў «Флагшток».

Алена Шайн справа.

Алена Шайн справа.

Жанчына адрасавала свой ліст першаму намесніку старшыні КДБ Сяргею Церабову, які раней працаваў начальнікам УКДБ па Гомельскай вобласці. У звароце, датаваным 9 верасня 2020 года, суддзя прасіла Церабава аб асабістым прыёме і разглядзе пытання яе працаўладкавання.

Шайн напісала, што з 2009 да 2015 года яна праходзіла службу ў органах дзяржаўнай бяспекі. Пасля была звольненая ў запас, бо Лукашэнка прызначыў яе суддзёй. Але ў 2019 годзе жанчына захацела вярнуцца назад на службу ў КДБ — пасля заканчэння пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў суддзі.

«Гэта рашэнне кадравым падраздзяленнем Упраўлення было ўзгодненае з Вамі (Сяргеем Церабавым — НН), і мне было паведамлена кіраўніцтвам кадравага падраздзялення, што Вы палічылі маю кандыдатуру годнай. У далейшым я прайшла ўсе этапы, прадугледжаныя для кандыдата на службу, не маю медыцынскіх супрацьпаказанняў, не здзяйсняла дыскрэдытуючых учынкаў, станоўча характарызавалася як падчас працы следчым, так і суддзёй, кіраўніцтва УКДБ па Гомельскай вобласці хадайнічала аб прыёме мяне на службу».

Аднак 1 верасня 2020 года Шайн даведалася, што ў прыёме на службу ў органы дзяржбяспекі ёй адмовілі, «бо гэта прызнана немэтазгодным».

Таму яна папрасіла Церабава «запатрабаваць з УКДБ па Гомельскай вобласці» яе асабістую справу і хадайнічаць перад тагачасным старшынёй Камітэта Валерыем Вакульчыкам аб пераглядзе кадравага пытання.

«Я з'яўляюся кваліфікаваным юрыстам, валодаю высокім аб'ёмам ведаў і практычных навыкаў, якія хачу прымяняць, вырашаючы, у межах кампетэнцыі, задачы, якія стаяць перад Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Я ганаруся тым, што з'яўляюся афіцэрам запасу, шчыра жадаю працягнуць службу. Мяркую, што па сваіх маральна-дзелавых якасцях я здольная годна даць рады службовым абавязкам, калі мне будзе аказаны высокі давер. У сваю чаргу, гатовая служыць на той пасадзе і той мясцовасці, дзе гэта будзе максімальна адпавядаць мэтам і задачам органаў дзяржаўнай бяспекі», — напісала пра сябе Шайн.

Аднак усё гэта не дапамагло, і замест таго, каб «адпавядаць мэтам і задачам органаў дзяржбяспекі» былая суддзя сышла ў дэкрэт. У канцы 2022 года яна згадваецца як вядучы спецыяліст аператыўнага аддзялення штаба УУС Гомельскага аблвыканкама, член пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. 

Алена Шайн звязаная з некалькімі палітычнымі справамі. У 2021 годзе яна праходзіла пацярпелай па справе супраць гродзенца, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і прызначылі пакаранне ў выглядзе 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Шайн атрымала ад яго 1500 рублёў матэрыяльнага кампенсавання маральнай шкоды за каментар у інтэрнэце і перадала іх у дзіцячую бальніцу.

Падчас працы ў судзе Савецкага раёна Гомеля Шайн выносіла абвінаваўчыя пастановы па палітычна матываваных справах. Яна прысудзіла не менш за 37 сутак арышту і 920 рублёў штрафу. У 2017 годзе яна судзіла журналіста Яўгена Меркіса за стрым каля будынка суда і аштрафавала яго.

У пачатку 2020 года Алена Шайн судзіла Сяргея Ціханоўскага. Падчас працэсу ён спытаў у суддзі, ці праўда, што яна працуе ў КДБ. Шайн не адказала на пытанне і прысудзіла Ціханоўскаму адміністрацыйны арышт.

Запомнілася яна і як мінімум адным справядлівым рашэннем. Менавіта Шайн у 2016 годзе спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай (цяпер асуджанай па крымінальных артыкулах, прызнана палітвязнем). А тады міліцыя склала на Шчыракову пратакол за працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат», аднак доказаў не прадставіла. У выніку Шайн пагадзілася з довадамі журналісткі і спыніла справу.

Клас
36
Панылы сорам
16
Ха-ха
49
Ого
14
Сумна
30
Абуральна
91