Паведамляецца, што тут праходзіў так званы Кацярынінскі шлях — маршрут падарожжа Кацярыны Вялікай, якая накіроўвалася з Пецярбурга ў Крым. Па легендзе расійская імператрыца (якая ў самым прамым сэнсе спрычыніліся да падзелу Рэчы Паспалітай — НН) спынялася і ў Грабаўцы. Паспела паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі і ахвяравала грошы на навучанне сялянскіх дзяцей, піша Звязда.

Больш за стагоддзе Грабаўка належала роду Фашчаў. Пры іх тут былі пабудаваныя сядзібны дом, маслабойня, бровар і цукровы заводы, развівалася гарбарная вытворчасць, працавала некалькі млыноў, была адкрыта школа, каталіцкая капліца. Адметнасцю маёнтка стаў сядзібны парк і створанае штучнае возера. Захавалася да нашага часу толькі частка таго самага сядзібнага парку і славутасць Грабаўкі — ліпавая алея, уключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

— Загадзя падарожжа Кацярыны Вялікай быў выдадзены дакумент, які патрабаваў на шляху руху імператрыцы пабудаваць гасцініцы, гасцявыя дамы, дарогі і нават цэлыя гарады. Такая дарога пралегла і праз нашу Грабаўку. Тым самым дала магчымасць людзям, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, развіваць гандаль, вывозіць сваю прадукцыю на кірмашы. Маленькае на той час паселішча Грабаўка стала развівацца.

Увогуле Кацярынінскі шлях — гэта дарога, якая звязала не толькі населеныя пункты, але і гісторыю дзяржаў, народаў, людзей, — на цырымоніі адкрыцця фестывалю гісторыю ўзгадалі вядучыя — школьнікі Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, якія вельмі актыўна ўключыліся як ў падрыхтоўку да свята, так і яго правядзенне, кажа дырэктар Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Таццяна Мацюшэнка.

На пачатку свята у атмасферу мінулага гледачоў акунула ўрачыстае касцюміраванае шэсце. Гасцей фестывалю запрасілі на пастаноўку малых п’ес XVІІІ стагоддзя «Сакрэты Кацярыны» і развучванне бальных танцаў «Грабаўская інтэрмедыя».

Не абышлі ўвагай свята ў Грабаўцы і падрыхтавалі сваё выступленне аматары класічнай танцавальнай культуры з Гомеля — удзельнікі клубнага аб’яднання «Натхненне» Гомельскага гарадскога цэнтра культуры. 

— Грабаўскі фестываль «Імяніны ў Кацярыны» сапраўды ўнікальны. Яго сутнасць — праз багатую гісторыю краю прыцягнуць увагу людзей да развіцця сельскай тэрыторыі, да яе турыстычнага патэнцыялу, — падкрэсліла дэпутат Вікторыя Ладуцька. 

Між тым «Імяніны ў Кацярыны» — адна з самыя яркіх першых «ластавак», якая як праект-ініцыятыва жыхароў Грабаўкі зарадзілася і развівалася ў межах міжнароднага праекта «Дарогамі Кацярыны». Госцем свята стала кіраўнік праекта «Дарогамі Кацярыны», Дырэктар установы «Тэрыторыя развіцця — ХХІ стагоддзе» Ірына Багданец.

— Асноўная ідэя праекта — прайсці дарогамі Кацярыны. Але аднавіць гэты шлях не геаграфічна, а кожнаму ўдзельніку прайсці свой шлях і асэнсаваць гістарычную спадчыну продкаў.

Прыгадаю знакаміты выраз Кацярыны II, у дачыненні да падарожжа па Кацярынскім шляху: «Вандрую не для таго, каб аглядаць мясцовасць, а для таго, каб бачыць людзей…», — падзялілася Ірына Багданец. Яна нагадала, што ідэя стварэння новых турыстычных аб’ектаў з прывязкай да легенд і гістарычных фактаў аб падарожжы Кацярыны II аб’яднала спачатку Гомельскі і Кармянскі раёны Гомельшчыны.

За зусім кароткі час да праекта «Дарогамі Кацярыны» далучыліся Слаўгарадскі раён Магілёўшчыны, Гандлёва-прамысловыя палаты Гомельскай, Бранскай, Смаленскай абласцей. Цяпер да праекту далучыўся і Чырвонагвардзейскі раён Санкт-Пецярбургу.

Праз некалькі дзён камунікацыйная пляцоўка для ўдзельнікаў праекта «Дарогамі Кацярыны» адкрыецца на юбілейнай XXV Міжнароднай выставе «Вясна ў Гомелі».

— Будзем абмяркоўваць пытанні ўплыву гістарычнай фактуры, легенд, якія існуюць сярод насельніцтва, на стварэнне новых аб’ектаў турызму. Гэта камунікацыйная пляцоўка дапаможа выпрацаваць шляхі ўзаемадзеяння, дапамогі адзін аднаму і стварэнню новых турыстычных прадуктаў, — дадала Ірына Багданец. 

Між тым як удзел у міжнародным турыстычным праекце «Дарогамі Кацярыны» можа натхніць актыўных і творчых вяскоўцаў развіваць уласны турыстычны праект пераконвае грабаўскі фестываль «Імяніны ў Кацярыны».

— Адкрылі б’юці-салон Кацярыны Вялікай: падрыхтавалі выставу лекавых траў для стварэння натуральнай касметыкі. Нашы госці змаглі пазнаёміцца з калекцыяй адзінага ў сваім родзе ў Беларусі музея водараў, створанага ў Грабаўскай сярэдняй школе 14 гадоў таму. Два гады таму на тэрыторыі мы заклалі духмяныя градкі. Разам з вучнямі вырошчваем і нарыхтоўваем уласную духмяную прадукцыю, — распавяла настаўнік біялогіі і геаграфіі, кіраўнік Музея водараў Грабаўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Алена Баравікова.

На фестывалі правялі дэгустацыю кавы з рознымі спецыямі. Грабаўскія педагогі і вучні падзяліліся ўласным праектам «12 месяцаў» з рэцэптамі гатавання прыродных водараў для кавы.

Пад ценем старых ліп адкрылі паэтычны салон і «літаратурнае чаяванне». 

— Запрашаю у госці! Эрнесціна фон Пфёфель, — прэзентавала лакацыю Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Гомельскага раёна — літаратурнае чаяванне з музамі класікаў літаратуры — супрацоўнік Цэнтральнай бібліятэкі Гомельскага раёна Кацярына Капаткова: «Аднавілі вобразы муз Цютчава, Грыбаедава, Пушкіна, Тургенева, Някрасава. Працавалі над вобразамі доўга, бо падбіралі прычоскі, уборы, каб максімальна падыходзіць на знакамітых дам.

Чытайце таксама:

«Гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына II». Вам самім не смешна?»

«Менавіта тут шлях вырашылі паўтарыць». На Гомельшчыне насаджаюць культ Кацярыны ІІ

Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях

Клас
4
Панылы сорам
51
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
24