Пікет у лесе

У адпаведнасьці з пастановай Баранскага гарвыканкаму (Аршаншчына) месцам правядзеньня масавых сходаў і пікетаў вызначана пляцоўка ў сасновым бары на ўскрайку гораду. У Воршы яшчэ летась такім месцам стала пляцоўка ў Прыдняпроўскім парку. Але значную плошчу яе займае вялізны павільён-намёт піўной кампаніі «Балтыка». Дый, здаецца, ніякіх пікетаў там пакуль не было. У спадарожніку Воршы Барані моцныя пазыцыі дэмакратаў — так, у гарсавеце працуюць некалькі незалежных дэпутатаў. Дагэтуль масавыя мерапрыемствы (у тым ліку сьвяткаваньне 1 траўня) праводзіліся на плошчы перад Палацам культуры. Цяпер прадпісана мітынгаваць у лесе. Здаецца, там сто гадоў таму ладзілі свае маёўкі баранскія рабочыя зь мясцовага драцяна-цьвікарнага заводу. Гісторыя паўтараецца.

Усё болей дамоў састарэлых

На Аршаншчыне расьце попыт на месцы ў дамах-інтэрнатах для састарэлых. З 11 тысяч пэнсіянэраў, якія жывуць у раёне, палова — адзінокія. Іх даглядаюць на даму сацыяльныя работнікі. Паслуга гэтая каштуе ад 6 да 11 тысячаў рублёў. У дзьвюх бальніцах ёсьць 25 сацыяльных ложкаў, куды зьмяшчаюць самых нямоглых. Тут старыя могуць знаходзіцца гадамі, адлічваючы 80% пэнсіі за ўтрыманьне. Але вольных месцаў для састарэлых у спэцыялізаваных інтэрнатах не хапае. Калі ў старых маюцца дзеці, то ў інтэрнат бяруць пры ўмове даплаты імі да пэнсіі на ўтрыманьне, а яно складае цяпер звыш 260 тысячаў рублёў штомесяц, што больш за сярэднюю пэнсію. Праўда, бываюць і выключэньні. Так, нядаўна па рашэньні райвыканкаму ў інтэрнат зьмясьцілі мужа і жонку. Абое да выхаду на пэнсію рабілі ў калгасе. Цяпер жа ня могуць сябе абслужыць, да таго ж два сыны ня толькі не дапамагаюць бацькам, але і аднімаюць у іх частку пэнсіі на выпіўку. Каб крыху вырашыць праблему, у найбліжэйшы час у раёне заплянавана абсталяваць дом-інтэрнат на 25 месцаў у будынку былога дзіцячага садка ў в.Тарчылава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0