Па ўсёй краіне праходзяць восеньскія кірмашы. У цэнтры гарадоў і мястэчак, дзе-нідзе парушаючы правілы руху вялікага транспарту, цягнуцца калёны грузавікоў. І іх зь нецярплівасьцю чакаюць згаладалыя гараджане, што не нарыхтавалі сабе на сотках запасу ежы на зіму. Таму раніцай можна сустрэць руплівых мінакоў, што цягнуць дахаты ў вазках ці на плячах мяхі з бульбаю, капустай ці буракамі. У вачах, што сьвецяцца шчасьцем, чытаецца ўпэўненасьць у заўтрашнім дні.

Мая цешча, капаючы на сотках бульбу, бедавала, што сёлета — няўрод, ды прагназавала жахлівыя цэны на другі хлеб — 800 рублёў за кілё. Але пасьля па вёсках пайшла пагалоска: Лукашэнка загадаў прадаваць картоплю ня больш чым за 350! І сапраўды, цэны ў Баранавічах вагаюцца ад 200 да 340 рублёў.

Але яшчэ больш сьпявае душа ў кіраўніцтва гаспадарчых каапэратываў і іх набліжэнцаў. Шырокі прастор маюць на гэткіх кірмашах гэтыя «былыя» старшыні калгасаў. Падчас продажу ніхто не выпісвае квіткоў, таму пракантраляваць колькасьць прададзенага немагчыма. Вельмі проста ўкінуць у кузаў дадаткова якіх пару дзясяткаў мяхоў.

Тут вам не адсталая Чэхія, дзе гародніна й садавіна прадаецца толькі ў адмысловых крамах цягам усяго году, а пра сапраўды народны й вольны гандаль даўно забыліся. Нашыя восеньскія кірмашы — паказчык праўдзівай вольнай эканомікі. Цэны ўзрастаюць згодна з попытам бліжэй да вясны, а не трымаюцца штучна цягам усяго году, як у Празе. Таму і набірае наш чалавек сабе як узяць. А потым захоўваючы тыя запасы ў неспрыяльных умовах — каморы ды склепы ня кожны мае — душыцца па зіме падпсаванымі, падгнілымі, зьвялымі караняклубнямі.

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0