Нацбанк Беларусі бачыць магчымасць для зніжэння стаўкі рэфінансавання ў бліжэйшы час.
Аб гэтым паведаміла сёння журналістам у парламенце старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова.

Каментуючы выказванне кіраўніка місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Дэвіда Хофмана, згодна з якім апошняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў Беларусі ў сакавіку з 30 працэнтаў да 28,5% гадавых было дачасным і Нацбанку трэба задумацца аб магчымым павышэнні працэнтных ставак,

Надзея Ермакова адзначыла: «Трэба да ўсіх прыслухоўвацца, але мець сваю галаву і прымаць тыя рашэнні, якія на карысць нам».

«Я думаю, што ў стаўкі ёсць перспектыва на зніжэнне, улічваючы інфляцыю, якая склалася за 20 дзён сакавіка ў краіне», — сказала кіраўнік Нацбанка. Рашэнне будзе прынята пасля таго, як будзе апублікавана значэнне інфляцыі за сакавік. «Але, паводле нашых разлікаў, стаўка будзе мець магчымасць зніжэння», — дадала Надзея Ермакова. Пры гэтым яна пакуль не змагла сказаць, на колькі можа быць зніжана стаўка.

Што датычыцца магчымага павышэння стаўкі рэфінансавання, то ў гэтым месяцы яго дакладна не будзе.
У далейшым дынаміка будзе залежаць ад існуючай сітуацыі на фінансавым рынку і ў эканоміцы ў цэлым, узроўню інфляцыі.

Стаўка рэфінансавання была зніжана ў Беларусі 13 сакавіка 2013 года — з 30% да 28,5% гадавых, да гэтага яна не зніжалася з верасня 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?