Нацыянальная бібліятэка на сайце дзяржзакупак набывае паслуг і тавараў амаль на 7 мільярдаў рублёў. Памыць шкло ці праверыць стан халадзільнай устаноўкі — усё аплачваецца з кішэні падаткаплатнікаў. Адно толькі мыццё вокнаў звонку каштуе амаль як Статут ВКЛ — 400 мільёнаў рублёў! «Гэта нятаннае задавальненне, гэта вельмі дарагія работы, працуюць спецыяльныя людзі», — кажуць у Нацыянальнай бібліятэцы.

У фірме, якая займаецца мыццём вокнаў на высокіх і складаных аб’ектах і неаднаразова мыла Нацыянальную бібліятэку, пацвярджаюць, што справа складаная: «Няма дзе зачапіцца, каб памыць. Раней гэта быў вельмі складаны аб’ект, але зараз мы прызвычаіліся».

Памыць зараз такі вялізны будынак нават за тыдзень немагчыма — мыюць раз на год цягам некалькіх месяцаў.

«Вельмі залежым ад надвор’я. У спёку не мыем, у дождж таксама. Фасад мыем некалькі разоў, а ззаду — не. Працуе брыгада ў 30 чалавек», — адкрываюць сакрэты ў «Чыстым свеце» і кажуць, што 400 мільёнаў — адэкватны кошт, можна было б і даражэй.

Прыбіраюць бібліятэку больш за сто чалавек. Адных мыйных сродкаў на год закупляюць на 56 мільёнаў рублёў: «Каля 112 прыбіральшчыц толькі знутры, 14 дворнікаў», — падлічваюць колькасць толькі прыбіральшчыц у Нацыянальнай бібліятэцы. Да прыкладу, бібліятэкараў у Нацыянальнай бібліятэцы каля 700–800 чалавек. Прыбіральшчыца атрымлівае прыкладна 1,7 мільёна рублёў.

Маё ўражанне, што Нацыянальная бібліятэка — нятанная цацка, паўтараюць і самі супрацоўнікі ўстановы. Я абураюся, бо, да прыкладу, ксеракопія ў бібліятэцы каштуе 500 рублёў за аркуш, а паперу купляюць ажно на 49 мільёнаў рублёў за… рэспубліканскі бюджэт! Атрымліваецца, за ксеракопію мы плацім двойчы?

У «Нацыяналцы» супакойваюць: «Паперу на платныя паслугі купляем за небюджэтныя грошы, прапануем залы для канферэнцый і іншыя платныя паслугі».

Але вось замена шкла — шэсць трэснутых вокнаў — абыходзіцца беларусам болей чым у 350 мільёнаў рублёў. Страшна ўявіць, што будзе, калі трэсне сотня такіх вокнаў.

Будынак бібліятэкі аказаўся нятанны як у пабудове — яна каштавала больш за 344 мільярды ў цэнах 2006 года, так і ў абслугоўванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?