Віцэ-прэм'ер Расіі Уладзіслаў Суркоў спадзяецца, што сацыяльная сетка Укантакце захаваецца, нягледзячы на ​​праблемы яе стваральніка Паўла Дурова.

У апошні час Укантакце апынулася ў цэнтры некалькіх скандалаў. У прыватнасці, у СМІ з'явілася версія пра меркаваны ўдзел Дурова ў рэзанансных ДТЗ у цэнтры Пецярбурга ў пачатку красавіка 2013 года. У выніку пацярпеў паліцыянт, а вінаваты кіроўца ўцёк з месца здарэння. У межах расследавання гэтай справы ў офісе Укантакце 16 красавіка прайшоў ператрус. Прэс-сакратар сацсеткі ў адказ заявіў, што машыны ў Дурова няма, а ходзіць ён пешшу.

«Што тычыцца сеткі Укантакце, дык, як мне здаецца, там ідуць складаныя працэсы. Я ведаю Паўла вельмі добра, стаўлюся да яго з вялікай павагай. Ведаю, цяпер усякае кажуць. Я не ведаю, што там адбылося, думаю, у сітуацыі разбяруцца. Але маем неадназначную сітуацыю, звязаную, у тым ліку з уласнасцю, з новымі ўгодамі. Я ўпэўнены, што сетка захаваецца, бо яна вельмі папулярная ў Расеі», — сказаў Суркоў, выступаючы ў чацвер у Лонданскай школе эканомікі.

Віцэ-прэм'ер выказаў надзею, што з сацыяльнай сеткай «усё будзе добра».

«Укантакце шмат крытыкавалі за розныя рэчы, але тое, што гэта вельмі таленавітая каманда, што гэта вельмі папулярны ў Расіі рэсурс, гэта факт», — цытуе Суркова агенцтва РІАН.

Укантакце і ў Беларусі — найпапулярнейшая сацыяльная сетка, тады як у краінах Захаду і Азіі дамінуе Фэйсбук. Праходзіла інфармацыя, што на яе ўласніка Дурава моцна ціснулі расійскія спецслужбы. Яны хацелі атрымаць магчымасць кантраляваць дзейнасць пратэставых групаў Укантакце. Менавіта праз сацыяльныя сеткі арганізоўваліся магутныя грамадскія пратэсты ў Беларусі ў 2011 і ў Расіі ў 2012 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?