Выстава «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы», прысвечаная падарожжу класіка беларускай літаратуры па Славакіі ў 1935 годзе ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў, працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску (вул. Купалы, 4).

Выставачны праект, падрыхтаваны пры падтрымцы пасольства Славакіі ў Беларусі, аб’яднаў экспанаты з фондаў музея Купалы, славацкага Літаратурнага і музычнага музея Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі Банска-Быстрыцы і Літаратурнага архіва Славацкай нацыянальнай бібліятэкі ў горадзе Марцін.

Куратар выставы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай дзейнасці музея Галіна Свірыдовіч распавяла,

што выстава найперш прысвечана людзям, з якімі сустракаўся класік падчас двухтыднёвага падарожжа цераз славацкія Браціславу, Светы Юр, Піешцяны і Модру.
«Нашы наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з дзеячамі, якія стварылі культуру Чэхаславакіі 1930-х гадоў, сярод якіх Гана Грэгарава, Ян Понічан, Эла Шандар, Гейза Вамаш, Янка Алексы», — зазначыла яна.
Свірыдовіч паведаміла, што з фондаў музея Купалы выстаўлены афіцыйныя фатаграфіі, якія рабіла савецкая дэлегацыя і якіх няма ў славацкага боку.
Апрача таго, экспануюцца лісты розных дзеячаў культуры, а таксама перыядычныя выданні тых часоў, у якіх згадваецца Купала і яго замежная паездка.

Славацкія музеі зрабілі інфармацыйныя стэнды аб сваіх дзеячах культуры, на якіх размешчаны звесткі пра іх жыццё і творчасць, рэпрынты рукапісаў і вокладак кніг, фатаграфіі.

Часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Эрык Ліптак на цырымоніі адкрыцця выставы зазначыў, што прысутнасць «славацкага духу ў сценах музея Купалы, знакавага культурнага месца, дарагога ўсім беларусам, стала амаль традыцыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?