Першай на Зямлі адклікаецца на святло вада. Акіяны і моры, азёры і рэкі імгненна — бы фотастужка ці лічбавая матрыца — ловяць жыццядайнае світанне. Сонечныя промні, як рукі ювеліра, старанна паліруюць водную паверхню, і яна ў адказ пачынае ззяць мацней і мацней, насычаная колерамі світанку. Так і фотаздымак без бляску вады — хаця б маленечкага, хоць бы недзе ўдалечыні — як хлеб без масла.

Дзяніс Раманюк

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прэзентуе праект Дзяніса Раманюка «Беларусь сінявокая» — выставу і аднайменны фотаальбом. Зробленыя з зямлі, вады і паветра 305 фотаздымкаў альбома, 25 з якіх экспануюцца на выставе, прысвечаныя нашаму нацыянальнаму скарбу — беларускай Вадзе. Адкрыццё выставы прайшло 18 мая, у «ноч музеяў», адначасова з прэзентацыяй фотаальбома мастака «Сінявокая Беларусь».

«Сінявокая Беларусь» Раманюка — гэта выданне, у якім сабраныя вобразы вады, нашай, беларускай вады. То бок, фатаграфічны перыфраз слыннае метафары.
Між іншым, аўтарскі тэкст альбома рэдагаваў Сяргей Дубавец.

Дзяніс Раманюк, чыя творчасць добра вядомая чытачам «Нашае Нівы», атрымаў за сваю «Сінявокую Беларусь» два «Залатыя фаліянты» падчас Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2013», як пераможца ў намінацыях «Майстэрства — Найлепшы фотамастак» і «Фотапогляд».

Жанр фотапейзажу — адзін з самых складаных у фатаграфіі.
Хоць натуральны ландшафт практычна ад самага нараджэння фатаграфіі быў неад’емным элементам многіх здымкаў. Паступова ў гісторыі фотамастацтва карціны прыроды сталі трактавацца як самастойны жанр. Звяртаючыся да яго, ужо недастаткова простага адлюстравання карцін прыроды. Тут патрэбныя натхненне і здольнасць раскрыць сваю задуму праз фрагмент натуральнага асяроддзя. І здымак будзе пэўным тэкстам, што перадасць пачуцці фатографа вобразамі прыроды. Таму часта прыродныя ландшафты ў мастацкай фатаграфіі надзелены пэўным псіхалагізмам. Выявы перадаюць не проста прадметы, а канкрэтныя эмоцыі. Вось чаму ў мастацкіх пейзажах ёсць канкрэтныя эмоцыі, а не толькі эстэтычныя перажыванні. Чаму менавіта беларускі фотапейзаж складана стварыць?
Тут справа ва ўласна нашым, Богам дадзеным, паветры — яно шчыльнае й імжыстае, вільготнае і няяркае.
Сонца не свеціць усім аднолькава, а Бог няроўна дзеліць. Розныя куткі зямлі асветлены па-рознаму, па-свойму.
Да таго ж, у нас няма бясконцага калейдаскопу планаў, як у гарыстых краях ці зіхоткага бязмежжа акіяну. Таму выбраць, зайсці ў беларускім краявідзе адметнае святло і нечаканы ракурс — няпроста.
Пагатоў у адліжным святле шарае гадзіны, або ў смузе тумановай… Ясна, што ў эпоху чорна-белае фатаграфіі стварэнне фотапейзажу ў Беларусі было задачай выключна цяжкай… І беларускіх фотапейзажыстаў, чые творы дасёння вярэдзяць нашыя пачуцці, небагата: Зянон Пазьняк, Яўген Казюля, Анатоль Кляшчук ды яшчэ некалькі творцаў…

У эпоху колеру і лічбы можна зрабіць нашмат болей і, напэўна, лепей. Засталося толькі працерабіць уласную сцяжыну ў найноўшым бязмежжы магчымасцяў.

Раманюк абраў для сябе ясны і дакладны шлях. Ён, як і колісь ягоны бацька, славуты мастацтвазнаўца і апошні класічны наш этнограф, Міхась Раманюк, натхняючы іншых хараством нашай краіны, фіксуе тое, што можа неўзабаве сысці, знікуць назаўжды…

Невыпадкова падчас адкрыцця выставы Адам Глобус параўнаў творчасць Раманюка ў фатаграфіі з даробкам класікаў нацыянальнага пейзажу ў жывапісе — Бялыніцкім-Бірулем, Цвіркам, Грамыкам.

Эпічныя фотапейзажы Раманюка з праекту «Сінявокая Беларусь» — разлогі Палесся, люстэркі азёраў, зіхоткія стужкі рэк — створаныя чыста, у адзін прыём, без рэтушы…

Раманюк сведама ўнікае штучнасці, не спрабуе прыхарошыць ці змікшыраваць свае аб’екты. Бо яны самі па сабе нясуць калясальны эмацыйны зарад. Калі ж у кадр можа патрапіць дрот ці нягегла абкладеная сілікатнай цэглаю царква, то ён проста не будзе рабіць гэтага кадра.

На стварэнне гэтага альбома, фундаментальнай энцыклапедыі Беларускае Вады, пайшлі гады. Паселішчы, малыя і вялікія, што прыселі ля водаў, водныя прасцягі, сінія і блакітныя храмы, нашыя водныя абрады й завядзёнкі.
Паглядзеўшы гэтую выставу ці пагартаўшы шыкоўны фаліянт альбома, ніяк ужо не ўжывеш метафары пра «сціплае хараство» беларускае прыроды. Хараство нашых Вады й Зямлі — велічнае, непаўторнае і невераемна разнастайнае.

* * *

Дзяніс Раманюк

аўтар і выдавец кніг: «Беларусь» (2002), фотаальбом «Беларусь» (2003), «Чарнобыль» (2006), «Мой шлях Беларусь» (2008). Таксама ён падрыхтаваў да друку і выдаў кнігі іншых аўтараў: Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы» (2000), «Беларускія народныя строі» (2003) і Ігара Бархаткова «Игорь Бархатков» (2003). Удзельнік больш як 50 выстаў фатаграфіі і графікі, сярод якіх — персанальныя: у Бундэстагу (Берлін), у ратушы Вільні, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Фондзе культуры Літвы, Нацыянальнай бібліятэцы горада Таліна, Кембрыджскім і Оксфардскім універсітэтах, а таксама асноўныя групавыя: у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (Нью-Ёрк), Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Віленскай мастацкай акадэміі, Варшаўскім універсітэце (Польшча), Палацы мастацтваў у Мінску, у галерэях «Arka» (Вільнюс), «Nova» (Мінск). Атрымліваў

«Гран-пры» III Маскоўскага міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2006»; «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2008» у намінацыі «Найлепшы фотамастак»; «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2008» у намінацыі «Найлепшы фотаальбом»; «Залаты фаліянт» пераможцы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2007» у намінацыі «За ўвасабленне наватарскай ідэі»; бронзавая статуэтка Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў — «За найлепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі»; ганаровы знак Беларускага саюза дызайнераў «Найлепшае выданне ў галіне дызайну» за 2003 і 2006 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?