Тая самая «рыба»... без рыбы.

Тая самая «рыба»... без рыбы.

Камароўка - найбольшы рынак Мінска.

Камароўка - найбольшы рынак Мінска.

«...Ну, жонка, сёння ў нас с табой рыбны дзень!» З гэтым немудрагелістым жартам я дастаў з пакета дзве даволі важкія скрыначкі з фольгі: «Во! «Рыба запечаная па-руску»...

...Хто памятае, хто на тое забыўся, моладзь увогуле не ведае, што мо дваццаць апошніх савецкіх гадоў існавала такая завядзёнка — рыбны дзень. У якім бы кутку СССР ні заспеў вас чацвер, увесь дзень грамадскае харчаванне частавала наведвальнікаў выключна рыбай. Яно, можа, было і нядрэнна, бо рыба — гэта фосфар, а фосфар — гэта розум. І ў пэўным сэнсе можна лічыць, што менавіта рыбны дзень паспрыяў заканчэнню «развітога сацыялізму». Можна нават уявіць сабе, наколькі хутчэй адбываўся б гэты гістарычны працэс, калі б рыбным быў кожны дзень тыдня. Але на тыдзень рыбы наўрад ці хапіла б, бо адзінай рыбай на ўсё грамадскае харчаванне савецкай імперыі быў хек...

...Жонка наблізіла скрыначку з ежай да носа, прамармытала нешта падобнае на «можа і нічога» і сунула ў мікрахвалёўку. Праз якую хвіліну «рыба па-руску» — 47 тысяч 800 за кіло! — была пакладзена на талеркі. Але рыбы там не было...

«Ну, што за дурны дзень гэты чацвер!» — думаў я, зноўку набліжаючыся да крамы, у кулінарыі якой набыў «рыбу...» без рыбы.

Пачаўся ён з Камароўкі — гэтай невычарпальнай крыніцы ведаў пра жыццё як яно ёсць. Найперш ткнуўся ў чаргу за тварагом — найлепшую, калі памалу, ежу для пажылых людзей. Раптам нейкі малады хлопец у пацёртых джынсах і стаптаных сандалях упэўнена абмінае чаргу, раскрывае торбу, а прадавачка падае яму некалькі вялізных бутэлек з хатнім малаком... «Галота! — уздыхае прадавачка. — У яго два старыя на руках, акрамя тварагу мала што ядуць. А дорага. Дык ведаеце, што прыдумаў? Купляе малако, ахінае каструлю электрагрэлкай... Добры, гаворыць, тварог атрымліваецца...»

Трохі паспрачаліся наконт выгады, і, здзіўлены вынаходніцтвам юнака, я рушыў шукаць сыр — «хай сабе не вельмі танны, але каб смачны, з дзірачкамі!»

Шукаю, шукаю... А вось і нейкі «Маасдам», якраз з дзірачкамі. Кошт нішто сабе — 92 тысячы. А побач — таксама «Маасдам», па 81 й. «Чаму так?» — пытаюся. — «А вы глядзіце ўважліва. Бачыце? Адзін з Галандыі, другі з Нідэрландаў...» — пашырыла мае геаграфічныя веды прадавачка.
«А з Галанскіх вышынь яшчэ не прывозілі?» — «Пакуль не». — «Што ж, пачакаем», — адказаў я і накіраваўся за «Галандскім» з Пружан...

Заставаўся кроп, 50 грамаў. У пошуках больш свежага я пайшоў па шэрагах, адкуль дыхалі зялёным водарам гуркі з Пінска, матава блішчэлі незаўважна прымятыя памідоры з Іспаніі, памаранчавым напамінам пра бясконцую рэвалюцыю сачыліся апельсіны з Егіпта і прызыўна ільсніліся цёмна-чырвонымі маслістымі скабамі мясістыя грэцкія клубніцы...

Вось тут я і натыкнуўся на дзіўную карціну.

Прысеўшы на кукішкі, з дзясятак жанчын зусім не бамжаватага выгляду, хутчэй былыя настаўніцы ці доктаркі, ліхаманкава набівалі торбы, пакеты, што ў каго, клубніцамі, выкінутымі на сметнік.
Вакол таўкліся ў намаганнях прабіцца да клубніц яшчэ колькі жанчын, а пасярэдзіне ўзвышаўся, нахіліўшыся на бок, кантэйнер, адкуль ужо звальваліся пустыя, з чырвонымі плямамі і рагамі, скрыні...

...Наконт «рыбы па-руску» мы з Жаннай Мікалаеўнай, дырэктаркай крамы, і Святланай Уладзіміраўнай, загадчыцай кулінарнага цэха, даволі хутка знайшлі паразуменне. Яны нават не торкалі відэльцам у свой «рыбны» прадукт, адразу пачалі спужана выбачацца. Але даведацца, колькі рыбы павінна быць у «рыбе...», я на той момант так і не здолеў — кухар раптам аказалася ў адпачынку, а бухгалтарка разам з паролем ад калькуляцыі трымала недзе іспыты на правы кіроўцы аўто...

Праз дзень Жанна Мікалаеўна падзякавала за падказку і паведаміла, што ад сёння «Рыба запечаная па-руску» называецца «Бульба...»

Нехта, мусіць, чакае ад мяне прозвішчаў, нумара крамы, ганьбавання і нават заявы дзеля распачынання крымінальнай справы. Але, на мой погляд, няма ў гэтых звестках і дзеяннях аніякага сэнсу.

Які сэнс выкрываць дробных злодзеяў, жулікаў і махляроў у краіне, дзе вядома хто набракае грашыма ад гандлю бензінам пад назвай «растваральнікі», а былыя настаўніцы ці доктаркі ледзь не б’юцца за клубніцы са сметніка?!

А мо таму так адбываецца, што згубіўся недзе ў лабірынтах гісторыі рыбны дзень з адмарожаным хекам і няма ўжо як здабываць фосфар, каб наблізіць лепшае будучае?

Фосфар, якога калісьці толькі на тое і хапіла, каб замяніць назву — з «развітога» на «рынкавы»...

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?