Падчас урачыстасцяў з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі, якія пройдуць 28–29 ліпеня ў Мінску, супрацоўнікі міліцыі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Пра гэта паведамілі ў МУС Беларусі.

Чакаецца вялікі наплыў людзей (каля 50 тысяч чалавек), якія жадаюць убачыць крыж апостала Андрэя Першазваннага, які даставяць на ўрачыстасці з Кіева, ці хоць бы пабываць у горадзе тым часам.

Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Івана Кубракова, Мінск чакае паломнікаў з усёй Беларусі. Толькі ў хрэсным ходзе, які пройдзе на праспекце Пераможцаў, паводле інфармацыі Беларускай праваслаўнай царквы, возьмуць удзел прыкладна 15 тысяч чалавек.

«Да аховы грамадскага парадку мы гатовыя ў поўным аб’ёме, — заявіў Кубракоў. — Яна будзе ажыццяўляцца як у месцах правядзення мерапрыемства, так і ў месцах пражывання гасцей. Якіх-небудзь асаблівых праблем у сувязі з гэтым у міліцыі няма, як і інфармацыі, якая б перашкаджала правядзенню ўрачыстасцяў».

Цяпер супрацоўнікі міліцыі адсочваюць сітуацыю ў суседзяў, пераймаюць вопыт калегаў па мерах засцярогі: як там арганізоўвалася ахова грамадскага парадку, якія былі асаблівасці, узнікалі пытанні.

Гэта ўжо не першы вопыт супрацоўніцтва органаў унутраных спраў і праваслаўнай царквы. Дапамога ў ахове грамадскага парадку ажыццяўляецца падчас усіх буйных царкоўных свят — на Радаўніцу, Вялікдзень, Каляды, Раство, Вербніцу і інш.

«Як правіла, ніякіх інцыдэнтаў пры забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў месцах правядзення рэлігійных мерапрыемстваў не ўзнікае, — прадоўжыў Кубракоў. — У царкву ідуць з адной мэтай — пакланіцца Богу. Нават калі чалавек прыходзіць у храм у стане некаторага падпітку, то паводзіць сябе прыстойна».

У той жа час узнікаюць іншыя пытанні. На хрэсны ход прыязджае нямала пажылых людзей, і камусьці з іх можа стаць дрэнна. Таму супрацоўнікі міліцыі, як адзначыў прадстаўнік МУС, гатовыя ў любы момант аказаць неабходную дапамогу, для гэтага ж дзяжураць брыгады ўрачоў хуткай медыцынскай дапамогі.

Для арганізацыі бяспекі будуць арганізаваны кантрольна-прапускныя пункты, пры неабходнасці будуць выкарыстоўвацца металадэтэктары для агляду ручной паклажы.

Плануецца таксама прыбыццё вялікай колькасці аўтобусаў. У гэтай сувязі будзе арганізавана паркоўка транспартных сродкаў. Пра месца размяшчэння парковак, а таксама пра магчымыя змяненні ў арганізацыі дарожнага руху будзе дадаткова паведамлена ў сродках масавай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?