На 40 базавых велічынь (4 млн. рублёў) аштрафаваў 4 верасня суд Мінскага раёна нацбола Дзяніса Сахара.

10 жніўня актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху праводзілі
спартыўна-палявыя зборы ў раёне Воўчкавіцкага вадасховішча ў Мінскім раёне.

Як паведаміла прэс-служба гэтай нелегальнай арганізацыі, не паспелі ўдзельнікі лагера паставіць палаткі, як іх акружылі шэсць аўтамабіляў. Людзі ў міліцэйскай форме і цывільным, не назваўшыся, паклалі ўсіх удзельнікаў паходу на зямлю. Да Дзяніса Сахара і непаўналетняга Аляксандра Палякова былі прыменены спецсродкі: слёзацечны газ і кайданкі.

Адзінаццаць нацболаў былі дастаўлены ў Ждановіцкае аддзяленне міліцыі, дзе ў дачыненні да іх склалі пратаколы за «распіцце спіртных напояў у грамадскім месцы». У паведамленні прэс-службы было падкрэслена: дзеянне адбывалася ў глухім лесе, спіртныя напоі ўдзельнікамі паходу не распіваліся, паколькі мерапрыемства было спартыўным.

У дачыненні да затрыманых былі вынесены пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у памеры ад 100 да 800 тыс. рублёў. Дзяніса Сахара этапавалі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна да суда, паколькі ў дачыненні да яго быў складзены пратакол за супраціўленне міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0