А вы ўжо бачылі кароткамэтражку зь Мікалаем Халезіным і Джудам Лоў?

Я лічу, што гэта выдатная і вельмі карысная для Беларусі рэч. Вы ўявіце сабе: галівудзкая зорка першае велічыні бясплатна ангажуецца на карысьць Беларусі, а фільм пра Беларусь вісіць на сайце Guardian, аднае з найбольш уплывовых брытанскіх газэтаў.

Якая іншая ўсходнеэўрапейская краіна, якая Летува ці Славаччына могуць такім ганарыцца?

Беларусь — адна з найбольш невядомых у сьвеце краінаў Эўропы. У адрозьненьне ад Расеі, Польшчы, Украіны, нават краінаў Балтыі,

Беларусь дагэтуль ня мае свайго месца ў сьвядомасьці тыповага заходніка, свайго месца ў заходняй культуры.

Большасьць людзей на Захадзе ня ведаюць і краіны такой, «Беларусь»: пра яе няма фільмаў, кнігаў; няма вядомых людзей, якія б асацыяваліся зь ёй (бо вядомыя за мяжою беларусы збольшага працягваюць асацыявацца з Расеяй або Польшчай).

Беларускай пасьляваеннай дыяспары, Радзе БНР, за дзесяцігодзьдзі асьветніцкай работы атрымалася закінуць хаця б саму думку пра незалежную Беларусь у галовы заходніх полісімэйкераў — але поле для працы засталося вельмі вялікае.

І праца гэтая лукашэнкаўскай уладай і лукашэнкаўскімі дыпляматамі робіцца вельмі дрэнна. Ад няздольнасьці, а часткова, можа, і наўмысьне, бо злачынцы любяць цемру і цішыню. Невядомасьць Беларусі — гэта адна з тых рэчай, якія рэжыму былі і застаюцца выгоднымі: калі пра Беларусь ня ведаюць, значыцца, і цікавасьці да яе праблемаў (то бок, да дыктатуры) меней.

Вы ўяўляеце сабе, які скрыгат зубоў стаіць у амбасадзе Беларусі ў Лёндане кожны раз, калі зьяўляецца такі ролік, ці калі Кевін Спэйсі пад бел-чырвона-белым сьцягам маршыруе пад будынкам брытанскага парлямэнта?

Размарозка адносінаў Лукашэнкі з Захадам — гэта калі Лукашэнка і ягоныя слугі пачынаюць зноў нягегла спрабаваць піярыць Беларусь як краіну, дзе нібыта робяць добрыя трактары і дзе нібыта добры інвэстыцыйны клімат. Якія палітвязьні? Якое махлярства на выбарах?

У 2009 ці 2010 годзе намаганьнямі лукашэнкаўскіх піаршчыкаў выйшаў цэлы разварот пра Беларусь у Financial Times — вядома, пра інвэстыцыйныя магчымасьці, а не пра перасьлед іншадумцаў. Рэжым потым зладзіў усім назіральнікам халодны душ у ноч зь 19 на 20 сьнежня 2010 года, калі былі жорстка зьбітыя і арыштаваныя сотні мірных дэманстрантаў. Дзяржава прадэманстравала, так бы мовіць, сапраўдную вартасьць свайго клапатліва стваранага перад гэтым дружалюбнага іміджа.

А вось такія ролікі, ды ўвогуле дзейнасьць Свабоднага тэатра, ствараюць на Захадзе вобраз Беларусі як краіны, дзе пануе дыктатура, але дзе ёсьць шмат адважных людзей, якія перад ёй не скараюцца. І гэты вобраз куды больш праўдзівы і куды больш прывабны, чым той, іншы, з трактарамі і «Белазамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?