Умовы выдачы валютных крэдытаў стануць больш жорсткімі для беларускіх банкаў у сувязі з уступленнем у сілу з 1 кастрычніка пастановы праўлення Нацыянальнага банка №353 ад 10 чэрвеня 2013 г.

Цяпер да валютных крэдытаў банкаў для юрыдычных асоб прымяняецца каэфіцыент рызыкі 100%. Аналагічны прымяняецца да крэдытаў у беларускіх рублях.

Дакумент уносіць змяненні ў Інструкцыю аб нарматывах бяспечнага функцыянавання для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у мэтах абмежавання крэдытных рызык банкаў, звязаных з валютнымі рызыкамі іх даўжнікоў - рэзідэнтаў Беларусі. Змяненні прадугледжваюць выкарыстанне банкамі пры разліку паказчыкаў дастатковасці нарматыўнага капіталу вагавога каэфіцыента рызыкі 150 працэнтаў для крэдытнай запазычанасці, каштоўных папер рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, намінаваных у замежнай валюце, а таксама для крэдытнай запазычанасці, міжбанкаўскіх крэдытаў і дэпазітаў, забяспечаных залогам каштоўных папер, гарантыямі і паручыцельствамі юрыдычных асоб Беларусі, намініраванымі ў замежнай валюце.

Такім чынам, згодна з пастановай, з 1 кастрычніка да валютных крэдытаў будзе прымяняцца каэфіцыент рызыкі 150%.

Гэта азначае, што кожны даляр валютнага крэдыту «становіцца цяжэйшым» у 1,5 раза пры разліку паказчыкаў дастатковасці нарматыўнага капіталу. Таму, калі сёння банк можа выдаць, умоўна кажучы, крэдытаў на $10, маючы капітал $1, то ўжо з 1 кастрычніка гэта лічба зменшыцца ў 1,5 раза да $7. Сваім рашэннем Нацыянальны банк аб'ектыўна абмежаваў апетыт банкаў да выдачы валютных крэдытаў карпаратыўным кліентам, канстатуюць эксперты. Маючы абмежаваны капітал, банк будзе больш схільны выдаць рублёвы крэдыт, які захавае каэфіцыент рызыкі 100 працэнтаў. Валютныя ж крэдыты будуць нявыгадныя для банкаў.

Як адзначаюць аналітыкі, устанаўленне павышаных патрабаванняў па пакрыццю капіталам крэдытнай рызыкі па крэдытнай запазычанасці, намініраванай у замежнай валюце, накіравана на абмежаванне тэмпаў прыросту патрабаванняў да эканомікі ў замежнай валюце і адначасова на стымуляванне павелічэння долі рэсурсаў і актываў у нацыянальнай валюце ў структуры балансу банкаў. Названая мера павінна пасадзейнічаць рэалізацыі глабальнай макраэканамічнай задачы па дэдаларызацыі эканомікі Беларусі. Таксама рашэнне Нацбанка дасць магчымасць у цэлым абмежаваць крэдытную экспансію, што важна для стрымлівання інфляцыі. Банкам жа, безумоўна, спатрэбіцца пэўны час для адаптацыі дзейнасці да змененых эканамічных фактараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?