Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з сайтам bookster.by пачынае конкурс маладых літаратурных крытыкаў імя Адама Бабарэкі. Конкурс працягнецца да 1 сакавіка 2014 г.

Як распавяла радыё «Свабода» Ганна Янкута, конкурс мае на мэце знайсьці людзей, якія займаюцца ці цікавяцца беларускай літаратурай: «Апошнім часам даволі часта чуецца шмат нараканняў, што ў Беларусі ці мала, ці няма літаратурнай крытыкі, ці пішуць не тое і не так. ПЭН-цэнтр вырашыў, што трэба нешта мяняць, таму прыдумалі гэта конкурс».

Аўтары найлепшых працаў атрымаюць дыпломы і магчымасць паўдзельнічаць у адмысловых майстар-класах. Як абяцаюць арганізатары, майстар-класы будуць праводзіць як беларускія адмыслоўцы, так і замежнікі. «Гэта будзе абмен досведам розных пакаленняў і розных краінаў», — кажа Янкута.

Арганізатары таксама прагаварыліся, што пераможцаў чакае сюрпрыз, які пакуль не агучваецца.

Арганізатары пакуль не ведаюць, колькі працаў чакаць на конкурс, але папярэдне мяркуюць што гэта будзе лічба ад 20 да 200.

На пытанне, ці літаратурным крытыкам можа стаць кожны, Янкута адказала, што ёсць некалькі прынцыповых патрабаванняў: «Літаратурны крытык мусіць добра разбірацца ў літаратуры. Любы чытач можа выказаць суб’ектыўнае чытацкае меркаванне, і яно будзе цікавае. Калі чытач яшчэ валодае літаратурным талентам, то можа напісаць выдатнае эсэ. А калі яшчэ мае і літаратурны густ, то крытычнае эсэ можа стаць літаратурным творам само па сабе».

Арганізатары пакуль не ведаюць, колькі працаў чакаць на конкурс, але папярэдне мяркуюць, што гэта будзе лічба ад 20 да 200.

«Мы нават паспрачаліся паміж сабой, — кажа Янкута. — Гэта першы конкурс такога тыпу. Раней ПЭН-цэнтр ладзіў конкурсы маладых літаратараў, і заўжды цяжка прадказаць колькасць удзельнікаў. У любым разе мы плануем шырокую рэкламную кампанію». Напрыклад, плянуецца ўкладаць у кніжкі з кнігарні Логвінава закладкі з рэкламай конкурса і слоганам: «Напішы пра кнігу, якую чытаеш».

Працы на конкурс прымаюцца да 1 сакавіка 2014 году. Тэксты можна будзе даслаць праз сайт ПЭН-цэнтра. Вынікі будуць абвешчаныя ў красавіку.

* * *

Адам Бабарэка — беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца. Паводле Вікіпэдыі, распрацоўваў метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сацыяльнай і эстэтычнай каштоўнасці літаратуры, даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, Дубоўкі, Чорнага. Адстойваў правы на вольнае творчае самавыяўленне. Рэпрэсаваны ў 1938.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?