Новая Беларусь паўставала ў пачатку ХХ стагоддзя. На фота: беларуская школка.

Новая Беларусь паўставала ў пачатку ХХ стагоддзя. На фота: беларуская школка.

«Вельмі верагодна, што Вам… прыходзілася не раз чуць маё імя. Калі не, дык Вам не саставіць вялікай цяжкасці асведаміцца ў Краі аб маёй асобе і дзейнасці. Я той амаль адзіны беларус, селянін па паходжанню, каранны жыхар і ўраджэнец Гродзенскага ўезду, які з першых дзён існавання «беларускага пытання» стаяў і працягвае стаяць на пазіцыі поўнага едзінення Края са ўсёй астатняю Расіяй. З гэтай прычыны мне прыходзіцца вясці барацьбу з пропаведзью ўсіх іншых ідэй, безумоўна, не маючых нічога агульнага з сапраўднымі жаданнямі беларускага народу…».

Так ахарактарызаваў сам сябе Аляксандр Бахановіч у лісце да вядомага расійскага тэрарыста Барыса Савінкава восенню 1920 года.

Каб даведацца больш пра асобу А. Бахановіча, «запытаемся» ў ягоных сучаснікаў, кім жа насамрэч быў чалавек, які называў сябе «адзіным сярод выплыўшых зараз на паверхню беларускіх палітычных дзеячаў, які добра ведае аб усіх патрэбнасцях і жаданнях Краю…».

Антон Луцкевіч, на той момант старшыня Рады міністраў БНР, неяк пачуўшы пра Бахановіча, тут жа адрэагаваў: «…Пахне звычайнай палітычнай авантурай…» [6] Прадстаўнік генерала Урангеля ў Варшаве быў больш стрыманы і ліст А. Бахановіча пракаментаваў наступным чынам: «Мною атрыманы наблагапрыятныя водгукі адносна папярэднай дзейнасці Бахановіча як у якасці беларускага дзеяча, гэтак і ў якасці старшыні рускага камітэта».

Аднак больш поўную характарыстыку даў яму намеснік польскага генеральнага камісара ўсходніх зямель (Грамадзянскае ўпраўленне Усходніх зямель — орган на акупаваных тэрыторыях былога ВКЛ. — Рэд.) Е. Івашкевіч: «Бахановіч з’яўляецца вельмі зручным аферыстам і палітычным шарлатанам, нацягіваючым альбо беларускую, альбо расейскую маскі. Ходзіць яму толькі аб матэрыяльных карысцях, дзеля якіх ён з лёгхасцью адмаўляецца ад галоўных прынцыпаў…» [1, s. 59]

Аляксандр Бахановіч хутчэй за ўсё паходзіў з мястэчка Азёры, што каля Гродна. Пасля заканчэння Віленскага пяхотнага вучылішча даслужыўся да паручніка інжынерных войскаў у складзе 1-га Сібірскага палка. Ягоная палітычная кар’ера пачалася ў 1917 годзе, калі пры падтрымцы А. Керанскага ён стварыў Гродзенскі вайсковы саюз. Пасля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе А. Бахановіч узначаліў Цэнтральны камітэт аб’яднаных грамадскіх арганізацый Гродзенскай губерні ў Петраградзе. А 22 чэрвеня 1918 года ён нават атрымаў паўнамоцтвы ад віленскага Беларускага народнага камітэта (БНК) на тое, каб весці перамовы з савецкімі і нямецкімі ўладамі пра вяртанне бежанцаў і іх маёмасці з Расіі ў заходнія беларускія губерні.

Паводле Анатоля Сідарэвіча, першы раз А. Луцкевіч сустрэўся з А. Бахановічам улетку 1918 года. Захаваўся чарнавік ліста А. Луцкевіча да начальніка адміністрацыі акупаваных тэрыторый фон Фалькенгаўзена з просьбаю прыняць дэлегацыі Віленскай беларускай рады (братоў Луцкевічаў і Дамініка Сямашку) і Цэнтральнага камітэта аб’яднаных грамадскіх арганізацый Гродзенскай губерні (А. Бахановіча ды П. Мінька), каб абмеркаваць умовы і магчымасці вяртання ўцекачоў і выгнанцаў з Гродзеншчыны да сваіх гаспадарак [13].

У ліпені 1918 года, калі Цэнтральны камітэт аб’яднаных грамадскіх арганізацый Гродзенскай губерні разагналі бальшавікі, ягоны старшыня пераехаў у Кіеў, дзе далучыўся да Кіеўскай Нарады беларускіх палітычных дзеячаў — арганізацыі расійскіх афіцэраў шавіністычна-манархічнага кірунку [3, с. 554].

Вось што піша пра тыя часы сам А. Бахановіч: «…На ўсялякі выпадак хачу Вас асведаміць, што прыналежу да партыі народных сацыялістаў, а з боку «беларускіх дзеячаў» вялікай сімпатыяй не карыстаюся, часцей ад іх падвяргаюся ўсялякай травлі, так як не спачуваю ня іх сепаратыстычным імкненням, ня іх мелкім, адзін супраць другога, інтрыгам…»

Уласна кажучы, гэта А. Бахановіч быў спецыялістам па ўсялякіх інтрыгах. Яшчэ ў Кіеве ён паспрабаваў арганізаваць кампанію супраць прадстаўнікоў урада БНР А. Цвікевіча ды М. Доўнар-Запольскага. Справа ў тым, што А. Цвікевіч па прыездзе з Мінска ў Кіеў увосень 1918 года заняў пасаду генеральнага консула БНР ва Украіне. Тут якраз выявіліся вялікія злоўжыванні беларускай Гандлёвай палаты, дзейнасць якой нават расследавала рэвізійная камісія Украінскага ўрада. Замест палаты А. Цвікевіч арганізаваў Беларускае гандлёва-эканамічнае бюро. «Нічога добрага са ўсёй гэтай дзейнасці не выйдзе, — пісаў А. Бахановіч да А. Луцкевіча, — а скандал і сорам дзеля беларускай справы наспявае вялікі… Яшчэ раз настойліва прашу із’яць з «высокіх сфераў» А. Цвікевіча, інакш будзе бяда і сорам…» [6]

У пачатку 1919 года А. Бахановіч быў ужо ў Адэсе. Пазней, у 1921 годзе, Антон Луцкевіч апісаў яго і ягоныя дзеянні ў артыкуле з красамоўнай назвай «Самазванцы»: «…Пад націскам бальшавікоў на Кіеў, дзе пры Скарападскім была сабралася ўся расейская рэакцыя, гэныя чорныя крукі пачалі ўцякаць у Адэсу. І тут на рубяжы 1918–1919 гадоў мы бачым новую спробу спекуляцыі на беларусах.

Гэтым разам папрабаваў шчасця нейкі авантурнік Бахановіч (з Горадзеншчыны), быўшы некалі афіцэрам у расейскай арміі. Бахановіч гадоў дваццаць бадзяўся па Расеі, калі ж узнялася бальшавіцкая рэвалюцыя, ён завёў нейкія падазрыцельныя адносіны з немцамі і пры іх помачы прыяжджаў зь Пецярбургу на Беларусь. Не знайшоўшы тут грунту для сваёй спекуляцыі, ён перакінуўся ў Кіеў і з усёй маскоўскай чорнай сотняй перасяліўся адтуль у Адэсу. Карыстаючыся з таго, што з Бацькаўшчынай не было ніякае сувязі, Бахановіч заявіў тамтэйшым беларускім арганізацыям, быццам у Менску Рада Рэспублікі і Ўрад разагнаны немцамі, а затое ў Слоніме адбыўся новы «ўсебеларускі кангрэс», каторы выбраў «дырэкторыю» зь пяцёх асоб, за галаву яе назначыўшы яго, Бахановіча. Нягледзячы на паказанне «натарыяльных» копій пастаноў «кангрэсу», ніколі не быўшага, прадстаўнікі ўраду Бел. Нар. Рэспублікі зразу «раскусілі» самазванца і раскрылі яго карты перад французскай галоўнай камандай у Адэсе, да каторай Бахановіч звярнуўся па пропуск у Парыж на міравую канфэрэнцыю. Адначасна Бахановіч звязаўся з генералам Дзянікіным, абвесціў ад імя Беларусі прылучэнне яе назад да Расеі, атрымаў некалькі сот рублёў «задатку» за прадажу Беларусі і меўся атрымаць некалькі мільёнаў «на арганізацыю беларускай арміі», каб, маючы пропуск у Парыж, з гэтымі грашмі пусціцца на вольны свет. Генерал Дзянікін, верачы Бахановічу, паслаў яму прывітальную тэлеграму, высказваючы сваю радасць з прычыны павароту беларусаў пад «Матушку-Расею»! Але адэскія беларусы папсавалі ўсе планы Бахановіча: французы яго арыштавалі як звычайнага ашуканца і выпусцілі, толькі ўзяўшы падпіску, што пакіне распачатую авантуру. Дзянікін таксама адрокся ад яго і грошы не даў…» [5]

Больш грунтоўна гісторыю з абвяшчэннем «урада» апісаў у справаздачы ад 19 снежня 1919 года консул БНР у Адэсе Сцяпан Некрашэвіч: «…На адэскім беларуска-палітычным небасхіле праізашлі важныя з’явы. Да Адэсы сталі прыязджаць так званыя члены кіеўскага савяшчання беларускіх грамадзянскіх палітычных дзеячаў, якія сталі прэтэндаваць на глаўную ролю па беларускім пытанні. Між іншым, прыехалі: А. Бахановіч, бар. Розен, палк. Беляеў, Кадыгробаў, Лютамірскі, Гартынскі, генэр. Андрыеўскі, Карташоў і інш. Прэдвадзіцельстваваў Бахановіч. Усе гэтыя «дзеячы» зразу жа сустрэлі моцны адпор як з майго боку, так і з боку адэскае нацыянальнае Рады, досыць моцнай арганізацыі, якая ва ўсім мяне падтрымлівала. Тады кіеўскія дзеячы прапанавалі кампраміс — зарганізаваць адну агульную арганізацыю. Штоб не перашкаджаць глаўнай нацыянальнай справе, мы згадзіліся. У рэзультаце гэтага быў зарганізаваны «Беларускі Нацыянальны Цэнтр», з’яўляўшыся вышэйшаю палітычна-грамадзянскаю арганізацыяю для прадстаўніцства перад дзяржавамі Згоды і дабравольчаю арміяю… Старшыною Цэнтра спачатку быў я, пасля Бахановіч і ў канцы Грамыка, член адэскае нацыянальнае Рады. Спачатку праца ў Цэнтры ішла згодна. Была вырабатана дэкларацыя на ўсясветную канферэнцыю, другая дэкларацыя была паслана да Дзянікіна… Повад да разрыву зрабіў Бахановіч. У Цэнтр была ўнесена прапазіцыя аб выбару членаў ад Цэнтра на Сусветную канферэнцыю. Не ведаючы, ці зроблены такія выбары ад цэнтральнае беларускае ўлады, наша левае крыло на выбары згадзілася. Выбраны былі я, Бахановіч і Базарэвіч. Тады Бахановіч унёс у Цэнтр другую прапазіцыю — аб абразаванні беларускага краёвага ўрада, знаходзячы, што бессэнсна пасылаць дэлегатаў на кангрэс ад арганізацыі, а не ад урада. Яго прапазіцыю падтрымаў Базарэвіч і кіеўскае савяшчанне… На двох пасядзэннях дэбатавалася гэтае пытанне і вырашылася не на карысць Бахановіча. Тады ён з Базарэвічам паставілі Цэнтру ўльтыматум: калі краёвы ўрад не будзе зарганізаваны, тады яны адказваюцца ехаць да Парыжу. Апошняе Цэнтрам было прынята з лёгкім сэрцам, і былі назначаны другія выбары. На гэты раз былі выбраны: я, Ладноў і Ігнацьеў… Балаціраваўся і Бахановіч, але на гэты раз быў забалаціраваны. Пасля гэтага Бахановіч пачаў усюды абліваць граззю нашую дэлегацыю і стаў рабіць правакатарскія заходы, штоб нашай дэлегацыі не далі візы для праезду ў Парыж. Аб гэтым у мяне былі яго дакументы, і за гэта ён быў выключаны із саставу членаў Цэнтра… Праз колькі дзён — гэта было ў канцы студня — Бахановіч з’явіўся ў Цэнтр, у якім ён пасьля правалу на выбарах перастаў бываць, і прачытаў паперу, што ў Слоніме з’езд з прадстаўнікоў усіх губерняў Беларусі даручыў Гродзенскаму Камітэту аб’яднаных грамадзянскіх арганізацыяў (Бахановіч быў старшынёю гэтаго камітэту) злажыць урад і што згодна з воляй з’езда гродзенскі камітэт злажыў дырэкторыю з 5 асоб: яго, Бахановіча (старшына Ураду), Ілавайскаго, Бандарука і яшчэ дзвюх асоб… Пры гэтым арыгінал паперы паказаны не быў. У адказ на гэта яму было прачытана аб выключэнні яго з саставу членаў Цэнтра «за неблагавідныя паступкі». На другі дзень у адэскіх газетах была надрукована тэлеграма Дэнікіна, які прывітаў краёвы ўрад Бахановіча. Гэтае прывітанне было ісхадатайствавана генералам Гальфтэрам, пасланым кіеўскім савяшчаннем для палучэння разрашэння на фармаванне Западнай арміі. Яшчэ праз колькі дзён Бахановіч выступае ў мемарандуме чатырох «гасударственных абразаваній»: Беларусі, Дона, Кубані і Украіны».

У мемуарах Арнольда Марголіна (дыпламатычны прадстаўнік дырэкторыі ў Лондане, пісьменнік, грамадскі дзеяч, адвакат. — Рэд.) захаваўся тэкст самой заявы і даволі шырокі каментар да яе: «…Разам са мною ад імя ўкраінскага ўраду заяву падпісаў д-р Галіп, ад Кубані — Л. Л. Быч, ад Беларусі — ген. Бахановіч, ад Дону — генерал Чарачукін… Ніжэйпадпісаныя, прадстаўнікі Украіны, Беларусі, Дону і Кубані, якія сабраліся ў Адэсе, на сумеснай нарадзе пастанавілі звярнуцца да Вярхоўнага Камандавання дзяржаваў Антанты з ніжэйпададзеным мемарандумам па пытаннях: 1. Аб рэформе дзяржаўнага ладу гэтых тэрыторый, роўна як і суседніх з імі дзяржаўных утварэнняў. 2. Аб шляхах і метадах для задушэння анархіі і бальшавізму ўва ўсіх тых дзяржавах і частках, на якія распалася Расея. …Мы, прадстаўнікі Украіны, Беларусі, Дона і Кубані, прыйшлі да глыбокага пераканання, што пытанне дзяржаўнага ладу гэтых чытырох адзінак можа атрымаць хуткі і належны развязак толькі шляхам асобнага ажыццяўлення пачаткаў дзяржаўнасці і парадку ў кожнай з іх… І мы звяртаемся, цераз пасярэдніцтва Высокага Саюзнага Камандавання, да дзяржаваў Антанты з просьбаю пра аказанне магчымай дапамогі нацыянальным імкненням нашых народаў да ўмацавання ўжо створаных асобных утварэнняў. І толькі пасля задушэння бальшавізму і анархіі, калі насельніцтва кожнага такога ўтварэння будзе мець магчымым свабодна выказаць сваю сапраўдную волю, надыдзе час для высвятлення тых ці іншых умоваў пагаднення паміж імі на пачатках свабоды, роўнасці і братэрства ўсіх народаў, пачатках, выказаных вашымі вялікімі нацыямі… Мы звяртаемся да Саюзнага Камандавання таксама па тэхнічную дапамогу і па ўсе тыя прадметы, якіх у нас зусім няма ці якія ёсць у недастатковай колькасці. У першую чаргу нам неабходны стрэльбы, патроны, мітральезы (станковыя кулямёты. — А. Ч.), цяжкая артылерыя, а ў асаблівасці танкі і бліндзіраваныя (браніраваныя. — А. Ч.) аўтамабілі. …Мы дапускаем, што для больш паспяховай арганізацыі барацьбы трэба стварыць агульны генеральны штаб для кіраўніцтва ўсімі аперацыямі на аснове ўзаемнага пагаднення дзяржаўных новаўтварэнняў, якія знайходзяцца ў стане вайны з бальшавізмам, паміж сабою і ў кантакце з дзяржавамі Антанты. Такі штаб не павінен быў бы ўмешвацца ў палітычнае жыццё і ўнутраныя справы дзяржаўных новаўтварэнняў».

Ужо 5 лютага 1919 года заяву надрукавалі ўсе адэскія газеты, што выклікала шырокі грамадскі рэзананс і жорсткія нападкі з боку прадстаўнікоў той палітычнай плыні, якая чакала выратавання Расіі ад Добраахвотніцкай арміі генерала Антона Дзянікіна.

Пазней аказалася, што ў Адэсе знаходзіцца беларускі консул С. Некрашэвіч, які аспрэчваў правамоцнасць дэлегацыі Бахановіча і меў даверанасць ад урада БНР.

«Мы не маглі ўмешвацца ў разгляд чужых унутраных справаў, — адзначае далей А. Марголін, — а таму задаволіліся тым, што Некрашэвіч у сваю чаргу далучыў свой подпіс да нашай заявы, пра што апавясціў і вярхоўнае саюзнае камандаванне. Як мы ўстанавілі, французы лічылі Некрашэвіча прадстаўніком больш аўтарытэтнай плыні ў Беларусі» [12].

«У гэты жа час я атрымаў ад Бахановіча паперу звярнуцца да яго за палучэннем консульскіх паўнамоцстваў, — паведамляе Некрашэвіч. — Апроч таго, я атрымаў весткі, што ён вядзе ўмовы з украінцамі аб 500-мільённым займе. Тады я рашыў уступіць з ім у барацьбу. Перш усяго я ў адэскія газеты за сваім подпісам паслаў ліст вельмі рэзкага характару, што адзінай уладай на Беларусі з’яўляецца ўлада Беларускае Рады, выбранай Усебеларускім з’ездам у 1917 р., што імянуюшчы сябе старшынёю Беларускага Урада А. Бахановіч выключаны «за неблагавідныя паступкі» з саставу членаў Цэнтра, злажыў Урад самачынна і самазванна і што мною і Беларускім Цэнтрам прымаюцца меры да ліквідацыі авантуры Бахановіча. Падобна гэтаму заяўленню, я зрабіў заяву французам, украінскай місіі, кубанскай дэлегацыі, грузінскаму консулу і др. прадстаўнікам нацыянальнасцей, у рэзультаце чаго перад Бахановічам дзверы ўсюды зачыніліся. Так ён хацеў, штоб яго прыняў начальнік штаба д’Ансэльма палкоўнік Фрэйдэнберг. Для гэтага ён засылаў генер. Андрыеўскага, але Фрэйдэнберг катэгорычна адказаўся прыняць Бахановіча. Перасталі прымаць яго і ўкраінцы. Ні нашоў ён падмогі і ў дабравольчым камандаванні, бо начальнік палітычнага аддзела Штаба дабравольчае арміі член Цэнтра палкоўнік Ёнгельгардт быў на маім баку і аб самазваным урадзе Бахановіча паслаў вядомасці ў Стаўку Дзянікіна. Тым часам прыехаў да Адэсы Бялевіч і прывёз вядомасці пра наш урад і Раду. Што Бахановіча ўрад быў самазвана зарганізаваны ў Адэсе, у мяне былі пэўныя вядомасці. З іх глаўная тая, што пячатка для сваго ўрада Бахановічам была зроблена раней, як адбыўся міфічны з’езд у Слоніме. Бахановіч пробаваў устаць на ногі і таксама некалькі разоў выступаў у газетах, гаварыў, што Рада не існуе, даводзіў да ведама, што ён мяне лішыў паўнамоцстваў, гразіў аддаць пад суд, але мне на падмогу прыйшлі Цэнтр, адэская Рада і беларускі гурток рабочых, якія таксама вынеслі рэзалюцыі проці ўрада Бахановіча і надрукавалі іх у газетах. Бахановіч павінен быў афіцыяльна сазнацца, што палітычная справа яго ў Адэсе кончана, аб чым ён і заявіў у газэтах, што адказваецца ад усялякай палітычнае і грамадзянскае працы. Так бясслаўна скончылася авантура Бахановіча…» [3, с. 549–550]

Перад ад’ездам з Адэсы А. Бахановіч павінен быў адмовіцца ў мясцовых газетах ад «усялякай палітыкі і прэтэнзій на кіраванне Беларуссю». Ён так і зрабіў, аднак дадаў у прыватнай гутарцы, што «калі прыедзе ў Гродна, то будзе там кіраваць, бо ў Гродне яго ўсе добра ведаюць, а тут, у Адэсе, — ніхто». І насамрэч, калі вясной 1919 года А. Бахановіч трапляе ў Гродна, то адразу разгортвае шырокую дзейнасць ад імя Гродзенскага губернскага цэнтральнага камітэта аб’яднаных грамадскіх арганізацый. «…Нядаўна ў Гродна прыехаў Бахановіч, — дакладаў у лісце да міністра ўнутраных спраў БНР К. Цярэшчанкі гарадзенец У. Курбскі, — і хоча разам з Управай разбіць Цэнтральную Беларускую Раду Гродзеншчыны. Сялянская рада, рашыўшы, што Бахановіч мае грошы, хацела ўжо ісці за ім, але мы астанавілі, сказаўшы, што хутка прыедзе Ластоўскі. Таксама хоча зрабіць і вучыцельская рада…» «Трохі шкодзіць працы арганізованая Якаўлюком і Бахановічам «Вучнёўская грамада», — пісаў У. Курбскі К. Цярэшчанку ў канцы красавіка, — але мы з ею борамся, і яна, не маючы нічога рэальнага, ужо распадаецца» [8, л. 141–141 адв.].

У сярэдзіне чэрвеня 1919 года ў Гродне прайшла шырокая хваля арыштаў, арганізаваная польскімі ўладамі і накіраваная ў першую чаргу супраць мясцовага «расейскага элемента». Усяго, паводле Я. Антонава, было арыштавана 79 чалавек. Шмат хто з іх належаў да былых рускіх чыноўнікаў, звязаных з Гродзенскай управай ці Міністэрствам беларускіх справаў пры Літоўскім урадзе. Сярод арыштаваных апынуўся і А. Бахановіч, якога польскія ўлады інтэрнавалі ў лагер Домб’е [11].

З Домб’я ў лістападзе 1919 года А. Бахановіч зноў вяртаецца ў Гродна і на кароткі час спыняецца ў гатэлі «Раяль». На гэты раз ён звяртаецца да польскай адміністрацыі з прапановай сфарміраваць рускую добраахвотніцкую армію ў складзе польскага войска ды адкрыць у горадзе «Рускі камітэт». Адначасова 29 снежня 1919 года ў сваім дакладзе міністру замежных спраў белагвардзейскага Усерасійскага ўрада Калчака і Дзянікіна С. Сазонаву, які знаходзіўся ў Парыжы, А. Бахановіч паведамляў пра становішча на Гродзеншчыне: «…Магу смела заявіць, што сялянскі элемент стаіць на адмоўных адносінах як да Польшчы, так і да Літвы, прызнаючы сябе толькі рускімі і жадаючы бачыць сябе ў складзе адзінай, непадзельнай Расіі… Мы патрабуем свабоды функцыянавання расійскіх грамадскіх арганізацый, школ, кааператываў і г.д. Забараняючы рускую мову і выдатна разумеючы, што з беларускай мовай далёка пайсці нельга, палякі гэткім чынам жадаюць штучна абязлічыць народ, прымусіць яго заставацца цёмным і паспрабаваць адарваць ад рускага роднага цела…»

На пачатак 1920 года А. Бахановіч перабіраецца ў Прагу, пасля чаго ў газеце «Прикарпатская Русь» была надрукаваная аб’ява пра тое, што хутка мае адбыцца сход «беларускіх грамадскіх дзеячаў» (прычым у якасці кантактнага адраса была пададзена рэдакцыя газеты «Русское дело»), а ў канцы таго ж года робіць спробу паразумецца з Б. Савінкавым. Але адведзены А. Бахановічу час ужо скончыўся. Што праўда, ягоная гарачая натура яшчэ спрабавала дастасавацца да новага ладу. Ён у чарговы раз прыязджае ў Гродна, дзе пачынае судовую справу аб кражы маёмасці з кватэры сваёй памерлай маці, чым, паводле ягоных слоў, настройвае супраць сябе мясцовую польскую адміністрацыю, якая намагалася пазбавіць А. Бахановіча польскага грамадзянства і выслаць за межы краіны як небяспечнага для Польшчы чалавека. Паступова ягоны «інтарэс» робіцца зусім дробным: ад мары пра пасаду беларускага дыктатара А. Бахановіч скочваецца да выканання абавязкаў паўнамоцнага прадстаўніка княгіні М. Вяземскай. Ён адстойвае яе правы на былы маёнтак каля м. Азёры, якім кіравала таварыства «L’Immobiliere de France et des Colonies», пакуль, нарэшце, ягоныя сляды ў гісторыі канчаткова не губляюцца [4, л. 1–3].

Крыніцы і літаратура

1. Biblioteka Publiczna m. st. Warszawy. DzialStarych Druków i R?kopisów. Zarz?d Cywilny. Ziem Wschodnich. Nr. akc. 1773/3/І.

2. Антонаў І. Успаміны аб польскай акупацыі Горадзеншчыны ў 1919–1921 гг.: Малюнкі гвалту і зьдзеку фацетных польскіх паноў на Беларусі: (Мае перажываньні). [Б. м.], 1921.

3. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Кн. 1, т. 1. Нью-Ёрк і інш.: Бел. ін-т навукі і мастацтва, Т-ва бел. пісьменства «Наша ніва», 1998.

4. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф. 17. Воп. 1. Спр. 42.

5. Луцкевіч А. Самазванцы // Наша Думка. 1921. 14 студз.

6. Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. No 4. С. 205–224. No 5. С. 168–191.

7. Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. Мінск: Мастацкая літаратура, 1974.

8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 325. Воп. 1. Спр. 22.

9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 458. Воп. 1. Спр. 9. Л. 89–102.

10. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 878. Воп. 1. Спр. 8. Л. 33, 38.

11. Пануцэвіч В. Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918–1919 гадах // Бацькаўшчына. 1964. No 5–6.

12. Прэўрацкі В. Малавядомы дакумент часоў БНР // Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны: [сайт]. URL: http://tbm.org.by/ns/no500/25sakav2.html

13. Сідарэвіч А. М. Бахановіч А. А. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч і інш. Мінск: БелЭн, 1993. Т.1. С.332.

1. Biblioteka Publiczna m. st. Warszawy. DzialStarych Druków i R?kopisów. Zarz?d Cywilny. Ziem Wschodnich. Nr. akc. 1773/3/І.

2. Антонаў І. Успаміны аб польскай акупацыі Горадзеншчыны ў 1919–1921 гг.: Малюнкі гвалту і зьдзеку фацетных польскіх паноў на Беларусі: (Мае перажываньні). [Б. м.], 1921.

3. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Кн. 1, т. 1. Нью-Ёрк і інш.: Бел. ін-т навукі і мастацтва, Т-ва бел. пісьменства «Наша ніва», 1998.

4. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Ф. 17. Воп. 1. Спр. 42.

5. Луцкевіч А. Самазванцы // Наша Думка. 1921. 14 студз.

6. Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. No 4. С. 205–224. No 5. С. 168–191.

7. Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. Мінск: Мастацкая літаратура, 1974.

8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 325. Воп. 1. Спр. 22.

9. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 458. Воп. 1. Спр. 9. Л. 89–102.

10. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 878. Воп. 1. Спр. 8. Л. 33, 38.

11. Пануцэвіч В. Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918–1919 гадах // Бацькаўшчына. 1964. No 5–6.

12. Прэўрацкі В. Малавядомы дакумент часоў БНР // Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны: [сайт]. URL: http://tbm.org.by/ns/no500/25sakav2.html

13. Сідарэвіч А. М. Бахановіч А. А. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч і інш. Мінск: БелЭн, 1993. Т.1. С.332

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?