Партыя БНФ вызначылася з пытаннямі для «Народнага рэферэндуму».

Найболей рэйтынгавымі па выніках галасавання сталі наступныя пытанні: 

«Ці згодны вы з тым, што кіраўнікі выканаўчай улады адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі павінны абірацца грамадзянамі Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі адпаведных адзінак, шляхам усеагульнага галасавання?»; 

«Ці падтрымліваеце вы размяшчэнне любых ваенных аб'ектаў замежных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі?»; 

«Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне заканадаўча зацверджанага мінімуму дзяржаўных затрат на ахову здароўя на ўзроўні 8% ВУП?»; 

«Ці згодны вы з тым, каб рэалізацыя важных дзяржаўных рашэнняў і праектаў, якія істотна ўплываюць на жыццё грамадзян (прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў стратэгічнага значэння, будаўніцтва АЭС, уваходжанне ў мытныя і ваенныя саюзы), адбывалася толькі пасля абавязковага ўзгаднення з народам Беларусі праз правядзенне мясцовых і рэспубліканскіх рэферэндумаў?»; 

«Ці згодны вы з тым, што ч. 1 арт. 81 Канстытуцыі РБ павінна быць зменена і прынята ў наступнай рэдакцыі «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам РБ на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба не можа быць абрана прэзідэнтам больш як на два тэрміны»; 

«Ці падтрымліваеце вы дзеянні, скіраваныя на падпісанне Рэспублікай Беларусь дагавора аб стварэнні глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю паміж РБ і ЕС?». 

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэтыя пытанні будуць прапанаваны партнёрам па кампаніі правядзення «Народнага рэферэндуму» для абмеркавання і ўключэння ў канчатковы спіс пытанняў. Паводле яго слоў, да 24 кастрычніка ініцыятары «Народнага рэферэндуму» вызначацца з 10 пытаннямі для рэферэндуму, затым на працягу двух тыдняў скароцяць іх спіс да пяці і абвесцяць пра пачатак збору подпісаў у падтрымку вынясення пытанняў на рэферэндум. 

Кампанія «Народны рэферэндум» ініцыявана рухам «За Свабоду», грамадзянскай ініцыятывай «Гавары праўду!» і Партыяй БНФ. Да іх далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?