Я не раю вам слухаць енк сляпых гарадоў.
Кожны з іх безліч год нам расказвае тое ж.
I, пачуўшы iх плач i пачуўшы наноў,
Спачуваючы iм, i свайго ты не ўтоiш.

…Дваццаць год! Дваццаць год я ўсё слухаў, а думаў, што не
I, заняты сабою, бадзяўся па парках i скверах —
I, нарэшце (ў Купалаўскiм) восень дастала мяне
I тапiла у лiсцi, а я выбiраўся на бераг.
Восень-горад-i восень:
— Давай, ну, не плач як малы!
Раскажы!
Горад-восень круцiлiся ў вiры шалёным.
Я хацеў утрымацца, i драпаў рукамi ствалы,
I не мог ратавацца, галлё абрываючы клёнам.
I, калi я, знясiлены, ногi падцягваў на брук,
Сарамлiва, бы згвалчаны, хутаў сябе ў палiтоне, —
Не тапелец, а рыба, я сам быў гатовы на крук
Начапiць свае вусны, каб быць сярод тых, хто не тоне.
I я ўсё расказаў iм: пра беды й надзею надзей
Не сканаць, зноў, заўчасна патрапiўшы ў подых зiмовы,
Пра жаданне дажыць да канца гэтай гiдкай размовы,
Гэтай споведзi з мэтаю, каб спавядацца радзей i радзей.

… Знайце, ў Менска ёсць вока (няхай сабе толькi адно) —
Нiбы ў блазна расплюшчана з леташняй чырванню вока.
Асляплёнае «вечным агнём» — каму трэба яно:
I пужае здалёку, i бачыць зусiм недалёка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?