Падзеі ў суседняй Украіне не пакінулі абыякавымі і беларускіх музыкаў. Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Vinsent, гурты Sciana і Аkute выказалі свае меркаванні і словы падтрымкі ўкраінскаму народу.

Лявон Вольскі мае багата сяброў ва Украіне, сам калісьці выступаў на Майдане ў час Аранжавай рэвалюцыі перад паўмільёнам гледачоў. Пра апошнія навіны з Еўрамайдана ён дазнаецца непасрэдна праз свайго калегу — лідара гурту «Тартак» Аляксандра Палажынскага, які бярэ актыўны ўдзел у кіеўскіх падзеях.

«Яшчэ ў першы дзень Еўрамайдана я звязаўся з Сашком Палажынскім — пытаўся, чым дапамагчы. Ён адказаў, што калі будзе трэба, паведаміць. Пацвярджаю — калі трэба, мы гатовыя. Украінскія браты і сёстры! Жадаю вам хуткай Перамогі, а пасля — не расчаравацца ў ёй. Будзьце пільныя — не дайце сябе заблытаць, справакаваць і ашукаць! А ўвогуле, выдатна, што пабоч з намі ёсць Сусед, годны і неабыякавы да свайго лёсу. Слава Украіне!» — заявіў музыка.

Выканаўца Vinsent якраз наведваў Украіну за некалькі дзён да Еўрамайдана, таму добра адчувае настрой тамтэйшай моладзі: «Я шмат размаўляў з маладымі ўкраінскімі творцамі пра іхнюю ўнутраную сітуацыю, яны, у сваю чаргу, ажыўлена цікавіліся нашай сітуацыяй. Я пабачыў, што прагрэсіўная украінская моладзь абірае еўрапейскі шлях развіцця. Я выказваю свае словы падтрымкі ўкраінцам, якія прагнуць лепшага заўтра. Упэўнены, што мы маем агульны гістарычны еўрапейскі шлях і еўрапейскую будучыню».

Словы падтрымкі ўкраінцам выказвае і лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, які напісаў у сваім статусе ў Facebook: «Тримайтеся брати». «Я адчуў поўную разгубленасць, калі ў навінах па расійскім TV сказалі, што Януковіч пагаварыў з «адным самых уплывовых людзей у свеце» ды змяніў сваё рашэнне наконт еўраінтэграцыі. На маю думку, гэтым самым, былі справакаваныя тыя падзеі, якія потым разгарнуліся ва Украіне… Цяпер віруюць надзвычайныя эмоцыі, гэта вымагае зрабіць непрадуманыя дзеянні. Хачу пажадаць украінцам быць мудрымі. Слава Украіне!»

Гурт Akute, творчасць якога любяць і шануюць ва Украіне і запрашаюць у якасці гасцей на такія фэсты, як «Бандэрштат» і «Верціфэст», заявілі, што цалкам падтрымліваюць імкненні ўкраінцаў: «Мы вітаем гэтыя падзеі і шчыра зычым каб у нашых суседзяў усё атрымалася. Слава Украіне!» 

Не застаўся ў баку ад падзеяў і музыка Зміцер Вайцюшкевіч. «Вельмі трывожна за нашых суседзяў. Маю спадзеў, што імкненні простых людзей спраўдзяцца і Ўкраіна знойдзе сваю еўрапейскую будучыню. Цяпер галоўны страх у тым, што можа здарыцца аблом людзкіх надзеяў. Шчыра жадаю, каб украінцы пайшлі сваім шляхам, займелі надзейную будучыню, а не безнайдзейную, як таго прагнуць некаторыя».

У гэтыя дні ў сацыяльных сетках сапраўдым гітом стала песьня гурта Sciana «Беларусь — Україна», якую берасцейскія музыкі выканалі ў дуэце з сваімі калегамі з Херсона — гуртом «Роллікс».

«Вельмi трывожна нам цяпер назiраць за падзеямi ва Ўкраiне. Бо нашым братам хочуць навязаць чужы выбар. Аднак мы верым, што яны змогуць адстаяць сваю волю. Трымайцеся!» — кажа аўтар словаў да гэтай песні Андрусь Клімус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?