Апазіцыя абмяркоўвае пытанне вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты на Усебеларускім кангрэсе.

Пра гэта паведаміў 12 снежня ў Брэсце сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

«Пакуль гэта яшчэ толькі праект, але ў яго ўсё больш прыхільнікаў. Я думаю, калі не ўдасца падчас мясцовай выбарчай кампаніі праймерыз для вызначэння лідара, які вылучаўся б кандыдатам у прэзідэнты, з ім пагодзіцца і альянс за справядлівыя выбары «Талака», — сказаў палітык.

Паводле яго слоў, мяркуецца, што дэлегатамі Усебеларускага кангрэса будуць тыя, хто вылучаўся кандыдатамі на мясцовых выбарах 2014 года.

«Я за тое, каб адзіны кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі з'явіўся як мага раней і кангрэс правесці ў красавіку 2014 года», — сказаў Севярынец.

Ён падкрэсліў, што БХД будзе дабівацца вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі і затым на яго працаваць, таму што «адным голасам трэба размаўляць з народам, рэжымам і Захадам».

Севярынец выказаўся за выкарыстанне інтэрнэту ў прэзідэнцкай кампаніі:

«Можа так стацца, што сістэма «раскруткі» адзінага кандыдата будзе пабудаваная на інтэрнэце. Гэта працуе. Прыклад таму — маўклівыя акцыі пратэсту, арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі. Выйшлі тысячы людзей, прычым не толькі ў Мінску, а амаль ва ўсіх гарадах Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?