«Беларусь робіць толькі першыя крокі ў галіне ўстойлівага кіравання адкідамі, — заявіла Майра Мора. — Нягледзячы на тое, што адпаведныя законы прынятыя даўно, у галіне рэалізацыі канкрэтных крокаў трэба зрабіць яшчэ вельмі многае. Для параўнання, колькасць перапрацаванага ў Беларусі смецця складае толькі 12-15%, калі ў цэлым па ЕС гэты паказчык у 3-4 разы большы. Варта адзначыць, што ні заканадаўства, ні свядомасць грамадзян не будуць працаваць эфектыўна, калі на месцах не будзе кантэйнераў, сучасных ліній па сартаванні і іншага абсталявання. Наш пілотны праект спрыяе якраз умацаванню матэрыяльнай базы. У яго рамках закуплена абсталявання на сотні тысяч еўра. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб вопыт па зборы і сартаванні смецця ў Мастах і Кобрыне, дзе рэалізаваны аналагічны праект, быў распаўсюджаны па ўсёй краіне».

«Улетку мы праводзілі ў Мастах калегію сумесна з міністэрствам ЖКГ і віцэ-прэм'ерам, — адзначыў Віталь Кулік, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — На ёй былі сабраныя прадстаўнікі рэгіёнаў краіны, каб падзяліцца вопытам па зборы і сартаванні адкідаў. Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 4 млн тон адкідаў, на далейшую перапрацоўку ідзе менш за 20%. Нам вельмі важна стварыць матэрыяльную базу па ўсёй краіне, каб гэты паказчык рос».

«Працу па асобным зборы адкідаў мы пачалі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў у 2007 годзе і сабралі тады 107 тон другаснай матэрыяльнай сыравіны, што на аднаго жыхара Мастоў склала 6 кг, — адзначыў Сяргей Фралоў, дырэктар Мастоўскай ЖКГ. — За 11 месяцаў гэтага года мы сабралі 311,7 тон адходаў, што складае 19,9 кг на аднаго жыхара. Такім рэзкім паляпшэннем паказчыка мы абавязаны прадстаўленню абсталявання ў рамках праекта ЕС і ПРААН, першую частку якога мы атрымалі год таму. З пускам станцыі сартавання наш калектыў мае намер павялічыць збор яшчэ на адну траціну: збіраць не 20, а 30 кг адкідаў на аднаго чалавека. Пасля праведзенай мадэрнізацыі мы можам з 14 чалавек пакінуць 6. Кожны работнік атрымлівае тут 5 млн рублёў. Цяпер з'явілася магчымасць павялічыць работнікам зарплату».

Мастоўская станцыя сартавання ўяўляе сабой бункер, у якім размешчаныя розныя транспарцёры, працоўны стол, кантэйнеры, перфаратар для праколвання пластыкавых бутэлек і прэс магутнасцю 50 тон. Мадэрнізацыя праведзеная ў гэтым годзе на суму каля 400 тысяч даляраў.

Год таму Мастоўская ЖКГ атрымала больш за 150 кантэйнераў для асобнага збору пластыка, паперы і шкла, больш за 900 кантэйнераў для арганічных адкідаў, смеццявозы для іх абслугоўвання і бульдозер для пахавання адкідаў на палігоне на агульную суму больш за 500 тысяч даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?