Мой муж ненавідзіць калядныя ялінкі. Ён кажа, што мець ялінку — гэта як трымаць у доме закансерваванага мерцвяка. З таго моманту, як мы ажаніліся, кожны снежань пачынаўся для нас адной і той жа размовай.

— Алесь, хутка Каляды. Мо пачнем рыхтавацца?—казала я, падносячы мужу кубак ягонай улюбёнай шыпшынавай гарбаты.

— Але ж ты ўжо спякла свае фірмовыя імбірныя пернічкі. Што яшчэ мы мусім падрыхтаваць загадзя? — запытваў Алесь.

— Ну, мы яшчэ не набылі нікому падарункаў…—працягвала я.

— А што гэта тады за гара загорнутай у рознакаляровую паперу хрэні на нашым гаўбцы? — цікавіўся Алесь.

— Падарункі. Але нам трэба больш! — бадзёра хлусіла я.

— Не праблема: з’ездзім на якіх выходных у Вільню, затарымся,—паціскаў плячыма Алесь.

— Яшчэ нам трэба прыбраць у хаце…

— За тры тыдні да святкавання?!

—…Прыбраць і ўпрыгожыць! — я паступова падбіралася да небяспечнага перавалу ў гутарцы.

— Ну, добра. Я пашныпару па нашых антрэсолях — недзе мусяць ляжаць гірлянды з мінулага года, — уздыхаў Алесь.

— Ага, мусяць… Хочаш мёду ў сваю гарбатку? — вуркатала я.

— Хачу, дзякуй.

Я любоўна намешвала мужу ў кубак дзве лыжкі цягуча­жоўтага мёду, уважліва сачыла, як Алесь зробіць першы глыток і пускала ў ход цяжкую артылерыю:

— Ведаеш, акурат побач з маім офісам зладзілі сімпатычны калядны кірмаш. Там прадаюць такія цудоўныя ялінкі…—казала я, міжволі сціскаючы ў кулакі далоні.

— Ліза, ну колькі можна? Я катэгарычна супраць жывой ялінкі ў хаце! — абражана перапыняў мяне Алесь.

— Ну чаму, чаму ты не любіш гэтую кранальную традыцыю?

— О, тое, што яна кранальная — гэта дакладна: кранальная ігліца знаходзіцца ў самых нечаканых і цяжкадаступных месцах нават праз некалькі тыдняў пасля таго, як ялінку выкінулі…— вытанчана, на ягоны погляд, пажартаваў Алесь.

— Ігліца — гэта не назаўжды. Ну чаму мы не можам быць як усе нармальныя людзі?

— Твае «нармальныя людзі» твораць безліч бязглуздых рэчаў. Аднак мы можам набыць штучную ялінку, — змякчаўся Алесь, пабачыўшы, як моцна я цераблю левае рукаво.

— У іх няма душы: яны не пахнуць, не колюцца голкамі, як сапраўдныя…

— Ну, як скажаш. Значыць, абмяжуемся гірляндамі, — паціскаў плячыма Алесь і засяроджваўся на гарбаце.

З гадамі нашыя дыялогі зрабіліся карацейшымі:

— Алесю, хутка Каляды…

— Не, мы не набудзем ялінку!

Гады паразаў. Дзевяць Калядаў без ялінкі.

Летась мае малітвы нарэшце былі пачутыя: муж выправіўся ў трохдзённую камандзіроўку акурат за два тыдні да Калядаў. Гэта быў мой шанец. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, я пабегла на бліжэйшы елачны кірмаш. Ходзячы між шэрагаў ялінак, удыхаючы іх водар і датыкаючыся пальцам да востранькіх голак, я трымцела ад шчасця. Урэшце, я знайшла ЯЕ. Не дужа высокая, яна ледзь сягала маіх грудзей. Дрэўца выглядала трошкі няўклюдна: камель скрыўлены, голкі разгублена тырчаць убакі — нібы ялінка не паспела прычасацца. Яна пахла маім дзяцінствам.

Дома я пасадзіла ялінку ў драўляную скрыню з пяском, які накапала ў пясочніцы (спадзяюся, дзеці не збяднеюць), і паліла вадзіцай. Дастала з антрэсоляў абутковую скрынку з каляднымі ўпрыгожаннямі: іх час прыспеў!

Я ўбірала ялінку дзве гадзіны, шукаючы для кожнай цацкі добры ракурс і найлепшае асвятленне. Урэшце зрабіла крок назад, каб ацаніць працу. Я засталася задаволеная. Гэта была ідэальная калядная ялінка для неідэальнай жанчыны.

Кладучыся спаць, я адчувала стому і ўзрушанасць адначасова: я ажыццявіла адну са сваіх мараў і здзейсніла рэвалюцыю супраць мужа! Насычаны атрымаўся дзянёк.

Я, безумоўна, баялася мужавай рэакцыі. Але не выкіне ж ён ялінку на двор!

* * *

Я напякла шакаладных кексаў, чайнік быў гатовы пачаць імпэтна кіпяціць ваду ў любую секунду. Ялінка стаяла ў гасцёўні рахмана, выцягнуўшыся, як малады салдат: яна ведала, што ў мяне з мужам канфлікт на глебе калядных дрэваў (калі я яе ўпрыгожвала, падзялілася сваімі хваляваннямі).

У дзверы пазванілі.

— Прывітанне, даражэзны мой!—ціўкнула я, цалуючы на парозе Алеся.

— Прывітаннечка! Уяўляеш, у нас у двары… — пачаў быў Алесь, але тут заўважыў у прычыненыя дзверы ялінку ў куце залы і выдыхнуў: Што за…

— Выглядае міла, праўда? — з мальбой у голасе піснула я.

Ноздры Алеся пагрозліва пашырыліся. Ён моўчкі зняў паліто, узяў свой вазок і рушыў у спальню. Ён не дакрануўся да вячэры, якую я згатавала, і, калі я спрабавала з ім размаўляць, зацята маўчаў.

Наступным днём я рана сышла на працу, пакінуўшы на стале сняданак для Алеся (я спякла бананавых блінцоў і напісала на талерцы «Выбач!» чарнічным сочывам). Калі я вярнулася ўвечары, то знайшла Алесеў сняданак халодным на кухонным стале: чарнічны «Выбач!» расцёкся па ўсёй талерцы, падтапіўшы блінчыкі. Я паклала адзін з іх у рот — ён нагадаў мне набрынялую мыльнай вадой вяхотку. Сам Алесь чытаў газету ў гасцёўні: ён сядзеў у фатэлі, дэманстратыўна павярнуўшыся спінай да ялінкі. Я наблізілася да мужа:

— Слухай, Алесь. Ну даруй мне, калі ласка. Каб я ведала, што ты аж так не трываеш калядных ялінак, я б ніколі не прынесла яе дахаты…

Алесь глыбей зарыўся ў газету.

— Слухай, ну мы ж, здаецца, дарослыя людзі. Мы можам вырашаць праблемы, размаўляючы адно з адным, — не адступала я.

Алесь прабурчаў з­за газеціны:

— Няма пра што размаўляць: ты прыцягнула ў дом труп дрэва!

— Але ж гэта абсурд! Хіба табе сапраўды падаецца, што яму баліць?!

— А скуль табе ведаць, што не баліць? — з-­за газеты бліснула злое вока.

— Ну, мне падаецца, што калядныя ялінкі нараджаюцца з веданнем сваёй місіі… Якая палягае на тым, каб цешыць людзей падчас святаў, а не правакаваць іх на сваркі.

Алесь уздыхнуў і адклаў убок газету:

— Слухай, мо я сапраўды крыху перабраў. Але мне не падабаецца, што ты не пакінула мне выбару: цяпер я вымушаны трываць гэтую ялінку. Калі ласка, не рабі мне болей такіх сюрпрызаў.

Я кіўнула і хуценька паляцела ў кухню запарваць шыпшынавую гарбату, каб замацаваць наша замірэнне.

* * *

Да Калядаў заставалася дзесяць дзён. Алесь трохі адтаў, аднак у гасцёўні ён заўжды сядаў да ялінкі спінай. Гутаркі пра яе таксама былі нечым кшталту табу. Калі ж Алеся не было побач, я адкрыта дзівілася на ялінку, удыхала хвойны водар і ціхенька спявала калядныя песні ў яе галінкі. Я таксама час ад часу палівала дрэўца.

Калі я прачнулася ў нядзелю, за чатыры дні да Калядаў, я адчула ў спальні водар хвоі. Гэта было дзіўна, бо раней пах не дасягаў спальні. Я ўстала з ложка і рушыла ў гасцёўню.

Зірнуўшы на ялінку, я аслупянела: дрэва выцягнулася ў вышыню, а ягоны камель патаўсцеў. А на камлі я заўважыла доўгі засохлы цурок смалы. Ён пачынаўся з сярэдзіны камля і заміраў некалькімі бурштынавымі кропелькамі на паўдарозе да карэння. Я даткнулася да адной з кропелек — яна растала пад маім пальцам.

Наступным ранкам я забегла ў гасцёўню перад працай, каб прымерыцца да ялінкі. Яна ўжо была сантыметраў на дзесяць вышэйшай за мяне. Ці я надзвычай хутка стоптвалася, ці…

Тут у калідоры пачуліся крокі Алеся, і я хутка рэціравалася, паспеўшы, тым не менш, заўважыць некалькі свежых кропляў смалы на камлі.

У аўторак я цэлы вечар лётала, набываючы прадукты для святочнага стала ды падарункі. Дахаты я вярнулася позна. Але перад тым, як пайсці спаць, на хвілінку заскочыла ў гасцёўню. Не запальваючы святла, навобмацак дабралася да кута, дзе стаяла ялінка, і дакранулася да яе галінаў: мае пальцы крануліся маленечкіх ліпкіх камячкоў. Водар у пакоі крыху змяніўся: ён цяпер быў далікатны, з салодкімі ноткамі.

У перадсвяточны дзень я абудзілася рана: увечары да нас з Алесем меліся прыйсці госці на куццю, трэба было шмат чаго паспець. Паветра спальні поўнілася салодкім пахам кветак. Алеся ў ложку не было, і я выправілася ў разведку па кватэры.

Я знайшла мужа ў гасцёўні: ён стаяў у піжаме, утаропіўшыся ў калядную ялінку. Дрэва было цалкам усыпанае драбнюткімі мяккімі бледна­ружовымі кветачкамі. Наша ялінка пусціла карані і зацвіла — як вішня ці грушавае дрэва. Яна свяцілася моцай, пяшчотай і спакоем. І яшчэ ялінка, відаць, хітра падміргнула б нам, калі б умела.

Увечары, адпусціўшы гасцей, мы ў абдымку сядзелі з Алесем на канапе. Я прызналася яму, што таемна палівала ялінку. Алесь апусціў вочы.

— Ведаеш, я таксама яе паліваў.

— Ты ж ненавідзіш «трупікі дрэваў»!

— Ну, ужо і «ненавіджу». Мне проста шчыра шкада дрэўцы, якія вырошчваюць, каб потым ссячы. Мне закарцела дапамагчы хоць аднаму.

— Ну, мы з табой партызаны! — пырснула я. — Гэта ж трэба — абое палівалі ялінку!..

— Я думаю, што ялінка расквітнела не толькі ад вады. Тут было і штосьці яшчэ — тое, пра што мы з табой не так часта размаўлялі пасля таго, як ажаніліся. Хочаш, я запару нам тваёй улюбёнай мятнай гарбаты? — спытаў муж, уздымаючыся з канапы. — І што ты, дарэчы, думаеш наконт невялічкага прыватнага лесу пад нашымі вокнамі? Што, калі мы ўвесну пасадзім у двары нашую калядную ялінку?

Я зусім не была супраць прыватнага лесу, хоць і ведала, што яму спатрэбіцца шмат вады. Вады і нечага яшчэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?