Гэта адзін з першых крокаў у задуманай беларускім бізнэсоўцам №1 рэарганізацыі свайго шматпрофільнага бізнэсу.

Адначасова з «Ракаўскім броварам», які быў адкрыты ў 1997 годзе, у кіраванне Палонскаму адышоў таксама рэстаран «У Францыска». Гэтую інфармацыю «Ежедневніку» пацвердзілі некалькі крыніц на рынку. Акрамя таго, гэтыя дзве ўстановы ўключаныя ў дысконтную праграму «Шакалад», якая дзейнічае ва ўсіх рэстаранах Паўла Палонскага. Гэтая інфармацыя размешчаная на сайце групы ягоных рэстаранаў.

Палонскі лічыцца адным з самых паспяховых беларускіх рэстаратараў,

а ён пачынаў бізнэс у 1993 годзе з набыцця франшызы «Докі-піцы» ва Уладзіміра Доўганя. Цяпер Палонскі — саўладальнік і кіраўнік групы рэстаранаў і кавярняў, сярод якіх «Эль Памідора», «Тэрыторыя», «Сем пакояў», «Старое рэчышча». Паводле пэўных звестак, у кіраванне Палонскаму ўжо перайшлі або могуць перайсці ў найбліжэйшы час і тры кандытарскія «Салодкі фальварак», уладальнікам якіх ёсць «Трайпл».

Адзначым, што каля месяца таму з'явілася інфармацыя, што адна з гэтых кандытарскіх выстаўленая на таргі разам з рэстаранам «Бухара», які таксама належыць Чыжу. За іх просяць больш за 2 млн даляраў. Трэба сказаць, што ў гэтым годзе Юрый Чыж пазбавіўся ад яшчэ аднаго рэстарана, а таксама гасцініцы ў Мірскім замку. Яны былі перададзеныя дзяржаве на бязвыплатнай аснове.

Перадача ва ўпраўленне або продаж рэстаранаў — гэта не першы і, мяркуючы па ўсім, не апошні крок вядомага бізнэсоўца на шляху рэструктурызацыі свайго шматпрофільнага бізнэсу.

У 2011 годзе ён ліквідаваў кампанію «Трайпл-тэхна», якая разам з «Мінскімі вокнамі» Івана Буракоўскага ўтварыла новую бізнэс-структуру - «Мінскі дом вокнаў». Цікава, што цягам многіх гадоў «Трайпл-тэхна» ўзначальваў Сяргей Зелянко. Чыж знаёмы з ім яшчэ з часоў Беларускага біржавога банка, дзе бізнэсовец быў адным з ключавых акцыянераў, а Зелянко — сябрам праўлення. Пасля краху банка Зелянко перайшоў у «Трайпл», а пасля закрыцця «Трайпл-тэхна» зноў вярнуўся ў банкаўскі бізнэс. Цяпер Зелянко — намеснік старшыні праўлення БелВЭБа.

У апошнія месяцы на рынку таксама з'явілася інфармацыя, што Чыж страціў цікавасць да мясаперапрацоўкі і шукае пакупніка на завод «Трайпл-Велес». Але яна не знайшла пацверджання.

Зрэшты, у холдынгу бізнэсоўца каля 15 напрамкаў, з якіх заўсёды можна абраць прыярытэты. Адным з іх, падобна, стала сталічная гасцінічная нерухомасць. Некалькі тыдняў таму на адрас цэнтральнага офіса «Трайпла» на Пераможцаў 51/2 было зарэгістравана СТАА «Кей Эм Лакшэры Хотэл», якое хутчэй за ўсё ёсць сумеснай кіраўнічай кампаніяй будучага гатэля Kempinski ў цэнтры Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?