У часе следства было праведзена шэсць мастацтвазнаўчых экспертыз, апытана больш за 20 чалавек, агледжанае месца здарэння, жытло і месца працы рэдактара.

У выніку было прынятае рашэнне адмовіць у завядзенні крымінальнай справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства» паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула паўналецця, і распусныя дзеянні.

Рэдактара ў рукі міліцыі перадалі брэсцкія паляўнічыя на педафілаў з суполкі «Больш быць, чым здавацца».

Актывісты заявілі, што затрымалі 58-гадовага мужчыну, калі ён прыйшоў на спатканне з 15-гадовым хлопчыкам. Паляўнічыя на педафілаў апавялі міліцыі, што рэдактар прыйшоў да хлопчыка з намерам учыніць сэксуальныя дзеянні, і ў доказ гэтага перадалі міліцыянтам яго ліставанне з хлопчыкам у сацыяльных сетках.

Адзін з актывістаў суполкі барацьбітоў з педафіламі Аляксей так пракаментаваў гэтую сітуацыю:

«Да Следчага камітэта прэтэнзіяў няма, следчы вельмі талковы. Відаць, дзесьці мы дапусцілі памылку, раз не хапіла матэрыялаў для завядзення крымінальнай справы… Відаць, у ліставанні з хлопчыкам няма схілення да сэксуальнага кантакту, дый порна, якое ён прынёс з сабой на флэшцы, таксама было не для хлопчыка прызначанае… Наконт рэдактара — ну, пра сумленне гаварыць смешна цяпер, але, я думаю, жыццё яшчэ паставіць усё па месцах…»

Суразмоўца расказаў, што на гэтым суполка паляўнічых на педафілаў афіцыйна завяршае сваю дзейнасць:

«З боку грамадскасці не надта прыемна чуць на свой адрас «гопнікі» і да т. п. Нас ужо і фашыстамі называлі, і кім толькі не называлі. Хоць, па сутнасці, усё проста — мы любім сваю Радзіму, свой народ і стараліся зрабіць нешта большае, чым проста сядзець склаўшы рукі. Спрабавалі данесці да бацькоў, што трэба займацца дзецьмі, а не піць піва на лаўках. Крыўдна, што нас не пачулі і не зразумелі…

Пасля ўсяго, што адбылося, мы не бачым сэнсу займацца нашай дзейнасцю. Як аказалася, наш рух нікому не патрэбны. Для грамадскасці мы перастаём існаваць, і цяпер не будзе бачна інфармацыі пра нашу дзейнасць. Хоць гэта і не кажа пра тое, што мы не будзем нічога рабіць».

Суполка брэсцкіх барацьбітоў з педафіламі «Больш быць, чым здавацца» адзначылася не толькі гучнай справай з рэдактарам. За час сваёй дзейнасці актывісты злавілі таксама выкладчыка будаўнічага каледжа і яшчэ каля 7 асобаў. У адрозненне ад шматлікіх расійскіх суполак лаўцоў педафілаў, берасцейскія актывісты не ўжывалі ў дачыненні да злоўленых гвалту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?