Колішні палітвязень і кіраўнік «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Цяпер ён збірае мэблю.

«Усе формы цяслярскіх працаў — так напісана ў рэгістрацыі. Збіраю мэблю — шафы, кухні. У тым ліку і на замову», — кажа Зміцер Дашкевіч.

Дашкевіч кажа, што шмат хто з колішніх маладафронтаўцаў адышоў ад актыўнай дзейнасці. «Людзі працуюць у розных сферах. Яўген Скочка — дрэаваапрацоўка ў Гомельскай вобласці, Андрусь Цянюта — прамысловы альпініст у будаўніцтве. Наўскідку ўсіх не ўзгадаю».

Зміцер Дашкевіч таксама пракаментаваў той факт, што ягоная жонка, колішняя намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Дашкевіч (Палажанка) цяпер працуе ў кампаніі «Гавары праўду».

«Тое, што яна «перайшла» — не зусім карэктная фармулёўка. Справа ў тым, што ў «Маладым фронце» заўсёды былі людзі, якія паралельна працавалі ў БНФ, БХД ды іншых арганізацыях, каштоўнасці і дзейнасць якіх не супярэчаць статуту «Маладога фронту», — адзначае Зміцер Дашкевіч.

«Да гэтага рашэння я паставіўся станоўча. Можна сказаць, што гэта было супольнае рашэнне, бо не можа быць так, каб муж рабіў адно, а жонка — іншае. Мы абодва сімпатызуем Уладзіміру Някляеву».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?