Сёння Юры Пунтус прыбыў у Мазыр, дзе афіцыйна аформіў працоўныя адносіны з ФК «Славія».
Таксама з ім прыехаў і адзін з яго памочнікаў – Анатоль Вайцэховіч. Другім памочнікам трэнера прызначаны мазырскі спецыяліст Міхаіл Марціновіч.
Дырэктар клуба Андрэй Васілец, прадстаўляючы новага галоўнага трэнера, зазначыў: «Зараз, пачынаючы новы перыяд працы, мы хочам не проста сабраць каманду на кароткі перыяд, а імкнемся да дасягнення сур'ёзнага выніку на ўсіх кірунках працы».
Юры Пунтус падтрымаў словы дырэктара:
«Вядома, мы будзем звяртаць вялікую ўвагу на развіццё дзіцячага і юнацкага футбола. Мы хочам шчыльна працаваць з мясцовымі хлопцамі. Аднак варта разумець, што ім неабходна на кагосьці раўняцца. І асноўная каманда – гэта менавіта тая паходня, якая цягне за сабой маладое пакаленне. Калі няма гэтай паходні, тады не будзе і дынамічнага развіцця футбола ў горадзе».
Першы збор каманды адбудзецца 5 лютага, калі ў стан клуба прыбудзе шэраг футбалістаў. Затым гульцы пачнуць паўнавартасныя трэніроўкі, пасля чаго накіруюцца ў Брэст для ўдзелу ў таварыскім турніры, які будзе праходзіць з 13 па 15 лютага.