У сувязі з цёплым надвор'ем у паўднёвых рэгіёнах рэспублікі ўжо пачаўся рух кляновага і бярозавага соку. Спецыялісты ў галіне вядзення лясной гаспадаркі адзначаюць, што не памятаюць такіх гадоў, каб можна было прыступаць да нарыхтоўкі соку ўжо ў лютым. Звычайна першыя падсочкі праводзіліся толькі ў 20-х чыслах сакавіка. Затое запомніўся сезон 2013 года, калі праз познюю зіму рух соку ў бяроз пачаўся анамальна позна і вельмі хутка скончыўся. Лясгасам удалося нарыхтаваць толькі 14,8 т прыроднага напою, што склала 55,8% да ўзроўню папярэдняга года.

Сёлета ўсё склалася зусім па-іншаму. Усе лясгасы краіны аператыўна рыхтуюцца да прамысловай нарыхтоўкі бярозавага соку.

Ідзе афармленне дакументацыі, заключэнне дамоваў з прадпрыемствамі-перапрацоўшчыкамі, рыхтуецца неабходная тара і тэхніка. У найбліжэйшыя дні да нарыхтоўкі прыроднага напою прыступяць лясгасы Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Трохі пазней да іх далучацца і іншыя гаспадаркі рэспублікі. «Аптымальная для нарыхтоўкі соку сярэднесутачная тэмпература павінная складаць 5-10 градусаў вышэй за нуль, — сказала прадстаўнік Мінлясгаса. — Пры начных замаразках рух соку спыняецца, як і пры тэмпературы, вышэйшай чым плюс 10 градусаў».

Па словах Ружэны Навіцкай, арганізацыі Мінлясгаса прымуць усе неабходныя меры для нарыхтоўкі соку ў тым аб'ёме, які неабходны для задавальнення патрэбаў перапрацоўчых камбінатаў і насельніцтва. Па магчымасці сок будзе экспартавацца. «У мінулыя гады гэты прыродны напой быў нядрэнна запатрабаваны на літоўскім рынку», — паведаміла спецыяліст.

З пачаткам сезону нарыхтоўкі бярозавага соку дзяржаўная лясная ахова асаблівую ўвагу будзе надаваць ахове бярозавых гаёў і змешаных лясоў, дзе растуць саспелыя бярозы. Гэта звязана ў тым ліку з тым, што самавольная нарыхтоўка соку без дакументаў у Беларусі забароненая.

Згодна з дзейнымі правіламі нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага карыстання, нарыхтоўваць бярозавы сок можна толькі ў перастойных і спелых лясах, прызначаных для высечак галоўнага карыстання. Аднак нарыхтоўка павінная ажыццяўляцца не больш чым за пяць гадоў да іх высечкі і спосабамі, якія не могуць нанесці шкоду дрэвам.

Для прамысловай нарыхтоўкі бярозавага соку неабходна набыць лясны білет і атрымаць дазвол ад лясгаса.

Лясніцтва вызначыць канкрэтныя ўчасткі нарыхтоўкі.

Акрамя таго, у кожным лясніцтве вызначаныя ўчасткі лесу, прызначаныя для нарыхтоўкі бярозавага соку грамадзянамі для ўласных патрэб. Усе ахвочыя нарыхтаваць сок павінныя звярнуцца ў адно з лясніцтваў, дзе ім пакажуць спецыяльна адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі.

За парушэнне правілаў нарыхтоўкі соку прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, нарыхтоўка соку на ахоўных прыродных тэрыторыях забароненая і цягне накладанне штрафу на грамадзян у памеры ад Br400 тыс. да Br3,5 млн, на індывідуальных прадпрымальнікаў — да Br10 млн, на юрыдычных асоб — да Br50 млн.

Да тэрыторыяў, на якіх нарыхтоўка сокаў забараняецца, адносяцца гарадскія, курортныя лясы і лесапаркавыя часткі зялёных зон, палосы адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній, населеныя пункты, дэндралагічныя паркі, батанічныя сады і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?