У Мінску, дзе зараз праходзіць чэмпіянат свету па хакеі, памёр адзін з латвійскіх заўзятараў, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Латвіі.
У Мінск прыехалі тысячы заўзятараў з Латвіі, фота Delfi.lv
«Можам пацвердзіць той факт, што адзін чалавек памёр. Пасольства падтрымлівае кантакт з яго блізкімі, зараз улагоджваем фармальнасці, неабходныя для дастаўкі яго цела ў Латвію», — сказала прадстаўніца МЗС Дыяна Эгліце. Гэты латвіец быў застрахаваны.
МЗС не каментуе прычыны яго смерці, перадае агенцтва BNS.
Як удакладняе агенцтва LETA, у Мінску ў ноч на 12 мая ва ўзросце 53 гадоў раптоўна памёр старшыня Думы Рыебіньскага края [гэта ў Латгаліі - НН] Ілмарс Мелушкалнс.
На выбарах у самакіраванне ў мінулым годзе Мелушканлс балатаваўся па спісе саюза Зялёных і сялян.
У Беларусь на чэмпіянат свету адправіліся тысячы латвійскіх хакейных заўзятараў, каб паназіраць за гульнёй зборнай сваёй краіны і непасрэдна аказаць ёй падтрымку.