У Мінску 15 мая вынеслі прысуд былому намесніку канцэрна «Белнафтахім» Уладзіміру Волкаву. Дзяржабвінаваўца патрабаваў для яго восем гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Суддзя столькі і даў.

Таксама Волкаў павінен пакрыць 18 тыс. даляраў урону. Сам асуджаны пасля вынясення прысуду, не сказаў, ці будзе ён абскарджваць прысуд.

За нафтавіком сачылі год. Аператыўнікі ўзялі чыноўніка «пад каўпак» задоўга да арышту: праслухоўвалі тэлефон, вялі відэаназіранне на працы. А калі з лютага 2013 да яго зачасціў чалавек, што пакідаў на стале ў нафтавіка часопісы, ухапіліся за нітачку.

Волкава арыштавалі ў сваім кабінеце 7 кастрычніка 2013 года. Менавіта ў гэты дзень, па інфармацыі следчых, ён атрымаў чарговыя грошы — $1000. Абвінавацілі, што з лютага па кастрычнік таго года браў хабар за спрыяльнае вырашэнне пытанняў.

Часопісы і канверты

«Белнафтахім» — дзяржканцэрн, які аб’ядноўвае прадпрыемствы, што займаюцца здабычай і перапрацоўкай нафты. Гэта адна з ключавых сфер беларускай эканомікі, і грошы ў ёй круцяцца каласальныя. Што ж нарабіў Волкаў? Паводле абвінавачвання, ён вырашыў пытанне з перапрацоўкай мазуты ў бітум на карысць прыватнай кампаніі «Тэра». Нафтаперапрацоўчыя заводы патрабавалі адказу з канцэрна, што там не супраць замовы «Тэры». Кампанія накіравала запыт у «Белнафтахім». А калі праз тыдзень не атрымала адказу, спецыяліст па продажах Шэлег накіраваўся да свайго даўняга знаёмца Волкава. Пакінуў на стале ў чыноўніка часопіс, у якім, як пасля заявіў, знаходзіліся $3000. У выніку ліст быў падпісаны ў той жа дзень.

Шэлег прыходзіў да чыноўніка амаль штомесяц і пакідаў часопісы і канверты. Праўда, на камеру так і не было зафіксавана ні размоў пра грошы, ні саміх грошай.

Ужо пасля затрымання абодвух знайшлася «апошняя» тысяча даляраў. Волкаў адмахнуўся — маўляў, падкінулі: у кабінеце перад затрыманнем яго не было паўтары гадзіны, а на купюрах няма біялагічных слядоў хабарадаўцы.

Падчас следства Шэлег расказаў, што перадаў чыноўніку $19 тысяч. Валюту выдзяляў кіраўнік «Тэры» Яўген Данішэўскі. Але пасля здаў назад: грошы ніхто не патрабаваў, на роднай фірме пра гэта не ведалі, а сумы браў са сваіх прэміяльных. І плаціў Волкаву за парады — ніякі не хабар. Змянілася і выніковая сума — каля $11 тысяч. Ранейшыя паказанні ён патлумачыў тым, што яго падманулі аператыўнікі: заявілі, што менеджар ва ўсім прызнаўся, і прапанавалі напісаць на яго заяву за вымаганне хабару. Шэлег пасля затрымання пачаў супрацоўнічаць са следствам, за што яго вызвалілі ад адказнасці.

На судзе высветлілася цікавая акалічнасць.

У канцэрне дазволы на перапрацоўку мазуты ў бітум давалі ўсім, як дазвалялі і экспартаваць яго. У 2012—2013 экспарт бітуму быў справай стратнай, і дазволы насілі фармальны характар. Яны мелі значэнне, калі прадаваць за межамі краіны было значна выгадней. «Белнафтахім» тады кантраляваў унутраны рынак — каб не пакінуць яго пустым.

Просты чыноўнік

Уладзімір Волкаў віны не прызнае. На ўсе эпізоды ў яго ёсць тлумачэнні. «Пасля візіту Шэлега [першы візіт у лютым 2013] я нічога не прыспешваў. Шэлег напісаў ліст 18 чысла і атрымаў адказ 26. Нарматыў — 15 дзён. Рашэнне — калегіяльнае, падпісанае не толькі падначаленымі мне асобамі. Як можна даць хабар за накіраванне на горшы рынак [Шэлег прасіў для кампаніі дазвол на экспарт бітуму]? Вядома, што кампанія працавала на абсалютна аднолькавых умовах з усімі».

Волкаў лічыць, што трапіў пад падазрэнне праз сваю адкрытасць для бізнэсоўцаў.

«У Беларусі шмат гаворыцца пра дэбюракратызацыю. Калі чыноўнік задзёр нос так, што да яго ніхто падступіцца не можа, ён можа пазбавіцца сваёй пасады. А калі чыноўнік даступны для наведванняў, маю на ўвазе сябе, то дастаткова любому чалавеку сказаць, што ён прыходзіў на прыём і грошыкі былі прышпілены да гэтай паперкі, і ты — у турме».

Між іншым, на маёмасць Волкава наклалі арышт: $100 тысяч, дзве кватэры ў Мінску, гараж, аўтамабіль «БМВ». Чыноўнік патлумачыў: «Маёмасць складае 50% ад майго заробку. Я палічыў».

«Я шмат працаваў…»

Уладзіміру Волкаву 51 год. Ён з тых спецыялістаў, хто на кіруючую пасаду прыйшоў з самага нізу. Прычым паміж практыкай у яго была навуковая праца — у Наваполацкай політэхніцы. «Інтарэсы службы заўжды былі ў мяне на першым плане», — заявіў ён у апошнім слове.

«У 2000 мне было 38 гадоў — добра складваецца ўніверсітэцкая кар’ера. Але прыходзіць разуменне, што атрыманыя веды трэба выкарыстаць у рэальным сектары эканомікі. Я сышоў на пасаду шараговага спецыяліста [у «Белнафтахім»]. Я шмат працаваў, у жыцці чагосьці дасягнуў. А гэта быў адкат на 12 гадоў назад. Але я разумеў, калі ўсё будзе атрымлівацца, то будуць і пасады».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?