Паблізу беларускай мяжы гасцей мінскага чэмпіянату свету па хакеі сустракаюць білборды з напамінам пра беларускіх палітвязняў. Білборды ўсталяваныя на тэрыторыі Польшчы недалёка ад памежных пераходаў Брэст — Цярэспаль і Брузгі — Кузніца.

На іх — выявы, якія сталі ўжо папулярнымі ў сацыяльных сетках, — хакейны шлем, аблытаны калючым дротам, і надпіс на англійскай мове: «Чэмпіянат свету па палітвязнях. Беларусь 2014».

Ніжэй — заклік «Не гуляй з дыктатарам» і спасылка на сайт www.statkevich.org.

Акцыю ажыццявілі сябры грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязням», у якую ўваходзяць сябры ініцыятыўнай групы экс-кандыдата ў прэзідэнты, асуджанага на шэсць гадоў зняволення Мікалая Статкевіча, родныя былых і сённяшніх палітвязняў, неабыякавыя людзі.

Марына Адамовіч — жонка Мікалая Статкевіча — кажа, што такім чынам сябры ініцыятывы хацелі нагадаць хакейным заўзятарам і грамадзянам Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.

«Не сакрэт, што амаль тры гады праводзілася міжнародная кампанія з патрабаваннем пераносу Чэмпіянату ў іншую краіну, калі ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў чалавека, калі за кратамі застаюцца палітвязні.

Гэтага не здарылася. Наадварот, сітуацыя стала толькі горшай.

Заявы, што спорт па-за палітыкай, выглядаюць асабліва цынічнымі зараз, калі, адразу пасля сочынскай Алімпіяды, праведзенай насуперак патрабаванням яе пераносу, Расія ажыццявіла агрэсію ва Украіне, калі ў нашай краіне за кратамі прадказальна апынуліся дзесяткі дэмакратычных актывістаў па цынічных абвінавачваннях і на беспрэцэдэнтныя тэрміны.

Гэта свята — не для ўсіх. Мы б хацелі, каб людзі памяталі аб гэтым».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?