Журналістка з Бабруйска Марына Малчанава расказала, як прайшла яе сустрэча з маёрам міліцыі Сяргеем Рудзько 9 чэрвеня.

— Дагэтуль Рудзько некалькі разоў запрашаў мяне на сустрэчу па тэлефоне «проста паразмаўляць», але я адмаўлялася ісці без позвы, — распавядае журналістка. — І вось я атрымала позву, дзе было пазначана, што мне трэба з'явіцца ў УУС «для правядзення размовы». Размова прайшла без пратаколаў і нейкіх запісаў, яе сутнасць была для мяне вельмі цмянай. Маёр паказаў фотаздымкі з нейкай акцыі, якую я бачыла ўпершыню, прасіў назваць імёны людзей, якія ў ёй удзельнічалі — іх я таксама не ведаю.

Марына Малчанава кажа, што Сяргей Рудзько не хацеў верыць у тое, што яна не з'яўляецца аўтарам вышэйзгаданых фотаздымкаў. А пасля пачаў выпытваць, дзе яна працуе, якім імем падпісвае свае матэрыялы і гэтак далей.

— Агулам у мяне склалася ўражанне, што ён хоча зрабіць з мяне ўласнага інфарматара, — адзначыла журналістка.

Марына Малчанава кажа, што будзе падаваць скаргу на дзеянні Сяргея Рудзько ў пракуратуру. 

У красавіку маёр Рудзько ўжо спрабаваў прыцягнуць незалежную журналістку да адказнасці, пасля яе матэрыяла на тэму антываеннага пікета. Тады яна таксама падавала скаргу на дзеянні гэтага міліцыянта ў пракуратуру, але па сутнасці скаргі ў афіцыйнай паперы ёй так і не адказалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?