«БЕЛАРУСКАЯ ФІЛАСОФСКАЯ ПРАСТОРА»

«ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ»

ВЫДАВЕЦТВА «ЭКАНОМПРЭС»

ПРАСТОРА ЦЭХ

запрашаюць на выставу

ВІЗУАЛЬНЫЯ ВОБРАЗЫ ГІСТАРЫЧНАЙ ПАМЯЦІ,

альбо ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ НА СТАРАЖЫТНЫХ ГЕАГРАФІЧНЫХ МАПАХ

24 ліпеня – 31 жніўня 2014 г., г.Мінск, пр. Незалежнасці, 58 / к. 6

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага - туды, дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура. Да таго ж гістарычныя мапы – гэта каштоўнасць таксама і іншага кшталту, бо многія з іх з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і выяўляюць жывапісную і друкарскую культуру сваёй эпохі. Праз іх мы можам задаць сабе шэраг пытанняў.

У якой ступені сённяшнія «ментальныя і культурныя» межы беларусаў супадаюць ці адрозніваюцца з тымі межамі, якія мелі нашыя землі напрацягу розных гістарычных перыядаў? Якімі мы бачым сябе і сваю краіну скрозь стагоддзі розных вобразаў, межаў і ўяўленняў? Наколькі мапы здольныя ўплываць на нашу свядомасць і культуру?

Арганізатары выставы – Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва «Эканомпрэс», крэатыўная прастора ЦЭХ – прапануюць сёння зірнуць на старажытныя геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Эўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра «межы» Беларусі.

24 ліпеня, 16.00 – Адкрыццё выставы з удзелам аўтара ідэі і арганізатараў, запрошаных культуролагаў і гісторыкаў. У якасці спецыяльнага госця на адкрыцці выступіць гурт старадаўняй музыкі «Брэвіс».

1 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам «пошуку сябе»?

13 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?

Усе мерапрыемствы ў межах выставы будуць праводзіцца на пляцоўках крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (па адрасе пр. Незалежнасці 58 / к.6), самая ж выстава працягнецца да канца жніўня. Наведванне выставы мяркуецца зрабіць бескаштоўным. Больш падрабязную інфармацыю можна будзе атрымаць на адкрыцці выставы 24 ліпеня.

Інфармацыйныя партнёры праекта: Беларускі партал www.tut.by, партал www.relax.by, www.citydog.by, www.eurobelarus.info

У праграме выставы магчымыя змены. Актуальную інфармацыю шукайце на сайтах нашых партнёраў, а таксама на сайтах арганізатараўwww.fly-uni.org, www.prastora.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0