Фота Reuters/Scanpix

Фота Reuters/Scanpix

Літва ў аўторак выказала сваё расчараванне тым, што санкцыі ЕС не перашкодзяць Францыі прадаць Расіі ваенныя верталётаносцы «Містраль».

Аднак іншыя абмежавальныя меры Літва назвала крокам наперад у імкненні прымусіць Маскву змяніць палітыку ў дачыненні да Украіны.

На думку прэзідэнта краіны Далі Грыбаўскайце, санкцыі неабходныя, аднак парадкам спазніліся і недастатковыя.

«Я ацэньваю новыя санкцыі ЕС як крок наперад. Санкцыі неабходныя, аднак парадкам спазніліся і недастатковыя. Яны не перашкодзяць прадаць «Містралі» Расіі», — сказала прэзідэнт Літвы.

Пастаянны прадстаўнік Літвы ў ЕС пасол Раймундас Каробліс, які браў удзел у кансультацыях прызнаў, што Літва выступала за больш жорсткія санкцыі.

«З нагоды эмбарга прынялі (рашэнне) толькі ў дачыненні да новых здзелак, якія будуць заключаныя з моманту ўступлення гэтага рашэння ў сілу. Зразумела, што гэта менш за тое, на што Літва спадзявалася, але гэта першае рашэнне, а наконт іншых пытанняў, мабыць, і далей будуць ісці палітычныя баталіі, палітычныя працэсы «, — сказаў ён.

Паводле дыпламата, паслы краін ЕС таксама дамовіліся пашырыць «чорны спіс» расійскіх чыноўнікаў і кампаній, забараніць інвестыцыі ў важныя сектары эканомікі Крыма, прыпыніць гандаль акцыямі некаторых расійскіх банкаў і абмежаваць гандаль некаторымі тэхналогіямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?