У судзе па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, абвінавачанага ў хуліганстве, 5 жніўня дапытаны сакрэтны сведка.

Суддзя Ала Абакунчык адмовілася адмяніць меры бяспекі да гэтага сведкі, які праходзіць пад імем «Ларыса Дурманава». Менавіта яна паведаміла аператыўнікам, што ў канфлікце 5 лютага каля адной сталічнай кавярні — «Старажытная легенда» — з пацярпелым Артурам Яворскім удзельнічаў менавіта Андрэй Бандарэнка. У судзе яе допыт вёўся «за межамі візуальнага кантакту». Жанчына, якая знаходзілася ў суседнім з залай пасяджэння пакоі, па просьбе суддзі не змагла назваць свой выдуманы год нараджэння, выдуманае месца пражывання. Жанчына з наўрад ці ад прыроды грубаватым голасам, адказваючы на пытанні дзяржабвінаваўцы Аляксандра Бароўскага, сказала, што ведае Бандарэнку ў твар, паколькі раней судзімыя ў раёне вуліцы Чкалава ў Мінску папярэдзілі яе, што гэты чалавек абараняе правы зняволеных і да яго ў выпадку чаго можна звяртацца.

Адносна канфлікту 5 лютага «Дурманава» паведаміла, што бачыла непасрэдна момант, калі Бандарэнка наносіў удар у твар Яворскаму. Звярнула ж яна на гэта ўвагу, бо здзівілася, што юрыст ўдарыў чалавека. Пацвярджаючы словы пацярпелага, дадзеныя на судзе напярэдадні, «Дурманава» сказала, што пасля таго, як Яворскі ўпаў, ён некаторы час знаходзіўся на зямлі. За тым, што адбываецца, сведка назірала 5-7 хвілін. Потым «Дурманава» патэлефанавала «знаёмаму аператыўніку» і распавяла, што каля «Старажытнай легенды» бойка і назвала аднаго з яе ўдзельнікаў. Нумар тэлефона аператыўніка, прозвішча якога яна памятае, «Дурманова», па яе словах, атрымала ад яго на паперцы з просьбай тэлефанаваць, «калі што-то адбудзецца».

Падчас допыту сведкі адвакат Дар'я Ліпкіна звярнула ўвагу на тое, што сведка з ледзь не з першага разу запомніла ў твар Бандарэнку, убачыўшы яго год таму на Чкалава, але не памятае, хто ёй распавёў пра Бандарэнку як пра праваабаронцу.

Абаронца спрабавала высветліць у сведкі абставіны, пры якіх тая бачыла на вуліцы Бандарэнку, як яна потым сказала «два-тры разы», аднак зрабіць гэта не ўдалося. «Дурманава» з суседняга пакоя спачатку казала «Не памятаю, не ведаю, якая мне розніца», а потым заявіла: «Я не памятаю, у чым я ўчора была апранутая». Звяртае на сябе ўвагу тое, што сведка апісвае час інцыдэнту ў кавярні як «пачало змяркацца». У той жа час бойка адбылася каля 21-й гадзіны, калі ўжо было цёмна. І пры гэтым сведка сцвярджае, што пазнала Бандарэнкуза некалькі дзясяткаў метраў ад месца здарэння.

Варта адзначыць, што на следстве «Дурманава» давала абсалютна іншыя паказанні адносна перадачы інфармацыі аб бойцы ў міліцыю. З зачытанага дзяржабвінаваўцам пратаколу допыту, праведзенага праз месяц пасля інцыдэнту, вынікае, што сведка ніякаму знаёмаму аператыўніку не тэлефанавала, а сама пайшла ў Кастрычніцкае РУУС, дзе яе накіравалі да дзяжурнага супрацоўніка крымінальнага вышуку. Пачуўшы гэта ў судзе, «Дурманава» адразу адмовілася ад таго, пра што гаварыла, адказваючы на пытанні абароны Бандарэнкі, заявіўшы, што дадзеныя ёю на следстве паказанні больш слушныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?