Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пагутарыў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным і дамовіўся аб поўным спыненні агню на ўсходзе Украіны, паведамляе сайт украінскага прэзідэнта.

«Вынікам размовы стала дамоўленасць аб пастаянным спыненні агню на Данбасе. Было дасягнута паразуменне наконт крокаў, якія будуць спрыяць усталяванню міру», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што прэзідэнты РФ і Украіны не дамаўляліся аб спыненні агню ва Украіне, бо Расія не з'яўляецца бокам канфлікту, аднак абмяркоўвалі, як вырашыць канфлікт,

Пра гэта Пяскоў паведаміў РІА Навіны.

«Пуцін і Парашэнка сапраўды абмеркавалі крокі, якія б спрыялі б спыненню агню паміж апалчэнцамі і ўкраінскімі сілавікамі. Дамаўляцца аб спыненні агню Расія не можа фізічна, бо не з'яўляецца бокам канфлікту», — заявіў Пяскоў.

Раніцай прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў інфармацыю аб тэлефоннай размове двух лідараў, паведаміўшы, што «пункты гледжання прэзідэнтаў дзвюх краін аб магчымых шляхах выхаду з цяжкай крызіснай сітуацыі ў значнай ступені супадаюць».

Між тым ў паведамленні, размешчаным на сайце Крамля, згадкі пра дасягнутыя пагадненні аб спыненні агню няма. Там сказана толькі, што «было працягнута грунтоўнае абмеркаванне ваеннага і гуманітарнага крызісу ва Украіне».

«Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі адносна таго, што трэба зрабіць у першачарговым парадку для хутчэйшага спынення кровапраліцця на паўднёвым усходзе краіны», — казалася ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?