Беларусь ізноў задумалася над выпраўленнем дэмаграфічнай сітуацыі. Новы дзяржаўны праект па падрымцы нараджальнасці можа ўступіць у сілу ўжо з 1 студзеня наступнага года. У гэты раз улады абяцаюць за трэцяе і кожнае наступнае дзіця налічваць бацькам па 14 тысяч даляраў.

Леанід Скарабагаты, шматдзетны бацька і вернік евангельскай царквы, лічыць, што павысіць нараджальнасць у Беларусі магчыма не толькі з дапамогай дзяржаўных датацый.

Леаніду — 50 гадоў. У іх з жонкай Алай дзевяць дзяцей — звышшмат, па сенняшніх мерках. Іх першынец, Арцём, нарадзіўся яшчэ ў 1988 годзе, а наймалодшаму сыну Генрыху цяпер два гады. Аднак, лічыць Леанід, для памеру сям’і грошы ці дзяржаўныя датацыі — не галоўнае.

«Людзі баяцца нараджаць дзяцей не столькі з-за гэтага, колькі з-за няўпэўненасці ў адносінах паміж сабой», — кажа Скарабагаты. Калі жанчына ўпэўненая ў сваім мужы, то яна з радасцю і задавальненнем будзе нараджаць дзяцей, згаджаецца Ала. А дапамагчы выправіць узаемаадносіны можа царква, мяркуюць яны.

«Глядзіце — многія язвы грамадства, якія раз’ядаюць сем’і, не распаўсюджваюцца сярод вернікаў. У царкве практычна не сустрэнеш п’янства. Царква дапамагае ўтрымаць сям’ю ад разводу, — кажа Леанід. —Любая сям’я праходзіць праз шэраг крызісных сітуацый. І большасць гэтых сітуацый — тыповыя, аднолькавыя для ўсіх сем’яў».

Сам Леанід прыйшоў у царкву выпадкова. Яшчэ ў 90-я ў яго сям’і пачаліся праблемы, яны з жонкай нават нейкі час жылі асобна. У евангельскую царкву іх запрасілі сябры. Скарабагатыя схадзілі — і ім спадабалася. Хутка яны пачалі наведваць прыход рэгулярна. Адносіны ў сям’і выправіліся практычна адразу.

У той жа час і Леанід, і Ала прызнаюць, што занадта шчыльны саюз дзяржавы і царквы можа быць не надта добрай ідэяй.

У дзяржавы ёсць тэндэнцыя выкарыстоўваць царкву ў сваіх інтарэсах, адзначаюць яны. Таму царква павінна ў першую чаргу быць часткай сям’і, як і сям’я — часткай царквы. «Калі дзеці ходзяць з бацькамі ў царкву, калі яны там вучацца паважаць сваіх бацькоў, паважаць і любіць адно аднаго, то гадаваць іх — адно задавальненне», — падкрэслівае Ала.

У Скарабагатых дзеці дапамагаюць як адзін аднаму, так і бацькам. Гатуюць ежу, прыбіраюць у хаце, старэйшыя робяць з меншымі ўрокі. Пачынаючы з 12 гадоў яны дапамагаюць бацьку і з бізнэсам — Леанід валодае невялікай веб-студыяй і інтэрнэт-крамай, прадае кнігі і бухгалтарскія бланкі.

Дзеці прымаюць замовы па тэлефоне, выконваюць абавязкі кур’ераў. Прычым узаемадапамога і ўзаемапавага — неад’емная частка сямейнага жыцця. Зараз Скарабагатыя жывуць у вялікім доме. Але ж раней, расказвае Леанід, яны жылі ў двухпакаёўцы, усе адзінаццаць чалавек. І нічога, усім было дастаткова месца.

«Разлічваць трэба не на дзяржаўную падтрымку, а на сваю сям’ю і на Госпада Бога. Раней людзі мелі велізарныя сем’і і неяк жылі, прычым без усякіх там датацый, — кажа Леанід. — Грошы грашыма. Галоўнае — любоў. Вядома, што праблемы ёсць у кожнай сям’і — у кагосьці яны больш сур’ёзныя, у кагосьці менш. Але цяжкасці збліжаюць сям’ю, робяць яе мацнейшай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?