Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапановы ўрада па фінансаванні дарожнай гаспадаркі краіны.
Ён прыняў сёння з адпаведным дакладам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака і першага намесніка міністра фінансаў Уладзіміра Амарына.
Лукашэнка падкрэсліў, што ў апошні час прывабнасць і значнасць Беларусі ў якасці транзітнага калідора значна ўзрасла, у тым ліку на фоне знешніх падзей.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна не толькі будаваць новыя аўтадарогі, але і падтрымліваць у нармальным стане ўжо наяўныя. На гэта ў тым ліку накіравана рашэнне аб больш шырокім выкарыстанні ў аўтадарожнай гаспадарцы бетону. Плануецца, што на гэтыя мэты будзе накіроўвацца не менш за 10% вырабленага ў Беларусі цэменту. Лукашэнка адзначыў, што гэта асабліва важна з улікам магчымасці шырокага выкарыстання мясцовай сыравіны пры будаўніцтве дарог з бетонным пакрыццём.
Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб прынятым рашэнні па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Мінска.
Гэты аб'ект павінен быць уведзены ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2017. Да пачатку 2016 павінны быць цалкам завершаныя работы на гомельскай трасе.
«І трэба думаць пра перспектыву — паўднёвы транзітны кірунак праз Кобрын і Гомель. Ён будзе вельмі важным і запатрабаваным для Расіі.
Трэба ў тым ліку весці дыялог з расійцамі. Калі не, то дамаўляцца і з Сусветным банкам — у іх добрыя крэдыты», - сказаў беларускі лідар.
Гаворачы аб планах па развіцці дарожнага будаўніцтва, Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць вырашэння пытанняў з фінансаваннем адпаведных праектаў. Ён адзначыў, што ўрад павінен быў разгледзець наяўныя ў гэтай сферы праблемы і знайсці шляхі іх рашэння.