Існаванне незалежнай дэмакратычнай Беларусі з «рускім светам» абсалютна несумяшчальнае, заявіў грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка на пасяджэнні круглага стала «Грамадзянская супольнасць на абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі», арганізаванага 18 верасня ў Мінску Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацый. 

«Сёння ачагі «рускага свету» ў беларускім грамадстве з'яўляюцца галоўнай перашкодай для любых дэмакратычных пераўтварэнняў», — лічыць Арэшка. 

Паводле яго меркаванні, «рускі свет» стварае істотныя пагрозы не толькі беларускай мове і культуры, але і ў цэлым фізічнаму існаванню беларускай дзяржавы і нацыі. 

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння «практычна няма механізмаў процідзеяння нарастаючай экспансіі гэтай з'явы». «Носьбітам і агітатарам «рускага свету» апошнія гады ў Беларусі былі ўлада і Лукашэнка. Менавіта ён пабудаваў дзяржаўна-эканамічную сістэму, якая поўнасцю залежыць ад Расіі. Менавіта яго ўлада адзначана сістэматычным разбурэннем беларускай мовы і культуры, поўнай ліквідацыяй дэмакратычных інстытутаў, пераследам палітычных праціўнікаў і іншадумцаў», — сказаў Арэшка. 

Пры гэтым ён лічыць, што «хітрая рыторыка і розныя тэхнічныя павароты курсу ўлад не павінны ўводзіць у зман». «Толькі беларускае грамадства, намаганні розных сектараў грамадзянскай супольнасці змогуць пакласці заслон «рускаму свету», — адзначыў Арэшка. 

Грамадскі дзеяч лічыць, што Беларусь неабходна захаваць часткай еўраатлантычнай цывілізацыі. «Няма трэцяга беларускага шляху: мы можам быць ці на Усходзе, ці на Захадзе, іншага не атрымаецца. Калі Еўропа будзе з моцнай незалежнай Украінай — гэта іншая Еўропа. Гэта, у перспектыве, наша Еўропа, дзе краіны, якія ляжаць паміж Чорным морам і Балтыкай ствараюць новы ўплывовы рэгіён», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?