Чым эмацыйна рэагаваць, лепей спакойна раскласьці ўсё па палічках. Сэнсацыйнае паведамленьне "Эха Москвы" выклікае шэраг пытаньняў.

Па-першае, нашто Пуціну менавіта такі экзатычны варыянт працягненьня ўладных паўнамоцтваў?

"Ён мог бы спакойна зладзіць рэфэрэндум і пайсьці на трэці тэрмін", — лічыць палітоляг Валер Карбалевіч, зь якім мы толькі што абмеркавалі сэнсацыю. Са слоў суразмоўцы, рэйтынг Пуціна забясьпечыў бы яму сапраўдную перамогу, а Захад мусіў бы зьмірыцца.

Па-другое, ці той гэта варыянт, які можа задаволіць Аляксандра Лукашэнку? Сёньня і Дума, і наш Нацыянальны сход — структуры, якія самастойна нічога не вырашаюць. "Ну а саюзны парлямэнт — гэты будзе фантом у квадраце", — зазначае Валер Карбалевіч.

Але ўявім сабе, што такая канструкцыя (Пуцін — прэзыдэнт саюзнай дзяржавы, Лукашэнка — спікер саюзнага парлямэнту) становіцца рэальнасьцю.

Два наступствы. Па-першае, у Расеі фактычна ствараецца двоеўладзьзде (не забывайма, што на сакавік прызначаныя ўжо выбары расейскага прэзыдэнта!). Калізія Гарбачоў — Ельцын некалі спрычынілася да распаду Савецкага Саюзу. Сёньняшняя Расея яшчэ меней трывалая.

Другое наступства палягае ў тым, што Лукашэнка выходзіць на расейскае палітычнае поле. "Ён зможа прэтэндаваць у пэрспэктыве на месца таго ж кіраўніка саюзнае дзяржавы. Ён можа атрымаць доступ да "ядравай валізкі". Як на такую пэрспэктыву адрэагуе Захад?", — разважае мой суразмоўца.

Карацей, цяжка ўявіць, што Крэмль, які ўвесь час рашуча адсякаў магчымасьці беларускага кіраўніка згуляць на чужым полі, зараз вырашыў нажыць сабе галаўны боль. Малаімаверна, каб склееную абы-як Расею надумалі выпрабаваць на трываласьць праз стварэньне двух цэнтраў улады.

Так што вэрсыя, агучаная "Эхом Москвы", можа быць рэхам нейкай піяраўскай вайны. Заўважце, што гэта ня першае за апошнія дні выбухное паведамленьне са спасылкай на ананімныя крыніцы ў Беларусі. Тое, што бакі перад візытам Пуціна вядуць псыхалягічны двубой, відавочна.

Ня выключана, што адным з адрасатаў такіх сыгналаў можа быць Захад. У любым выпадку, калі сустрэча ў Менску скончыцца без катастрафічных для Беларусі наступстваў, імідж яе прэзыдэнта як рэальнага абаронцы незалежнасьці дзяржаўныя мэдыі натруць да бляску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?