Укід інфармацыі пра Канстытуцыйны акт выгадны Аляксандру Лукашэнку, каб атрымаць больш камфортныя стартавыя пазіцыі на перамовах з Пуціным.

- Бачыце, Ўотсан, - з усьмешкай прамовіў Шэрлак Холмс, калі мы бавілі час на Бэйкер-стрыт за шклянкай віскі з содавай. - Мой дэдуктыўны мэтад цудоўна прыдаецца і для разблытваньня палітычных рэбусаў. Заўжды варта зьвяртаць увагу на дэталі. Як многа могуць распавесьці ўважліваму назіральніку нязначныя на першы погляд акалічнасьці!

Папыхваючы люлькай, мой сябра разгарнуў сьвежы “Таймс”.

- Вось, напрыклад, апошні скандал у беларуска-расейскіх дачыненьнях, - прамовіў Холмс, учытваючыся ў артыкул на другой паласе.

- Чорт падзяры, няўжо Расейская імпэрыя адновіцца? - усхапіўся я.

- Не сьпяшайцеся з высновамі, дружа, - супакоіў мяне Холмс, адкінуўшыся на сьпінку фатэля. - Што нам вядома пра гэтую гісторыю?

- Няшмат. 13-14 сьежня ў Менску будзе падпісаны Канстытуцыйны акт, Уладзімір Пуцін зробіцца прэзыдэнтам “саюзнай дзяржавы”, а Аляксандар Лукашэнка - сьпікерам.

- Уотсан, - дакорліва пахітаў галавой мой сябра. - Менавіта гэта і зьяўляецца найбольш няпэўным і туманным момантам. Але паспрабуем прааналізаваць бясспрэчныя факты. Першай сэнсацыйную навіну паведаміла маскоўская радыёстанцыя “ЭХО Москвы”, спасылаючыся на ананімную крыніцу ў атачэньні прэзідэнта Лукашэнкі. Ня бачу вялікага рэзону для журналістаў хлусіць у тым, што зьвесткі прыйшлі да іх зь Менску. Мяне больш цікавіць той факт, што таямнічы беларускі інфарматар зьвярнуўся менавіта на гэтую радыёстанцыю.

- Магчыма, ён сталы слухач “ЭХО Москвы”? - паціснуў плячыма я.

- Мой мілы Ўотсан, - усьміхнуўся Холмс, - за гэты вузельчык трэба брацца з супрацьлеглага боку. Не палянуйцеся, зазірнеце ў маю картатэку ды адшукайце літару “Э”. Вы даведаецеся, што “ЭХО Москвы” - гэта, бадай, апошні з буйных лібэральных эфірных мэдыяў у Расеі. Інфарматар відавочна жадаў паўплываць на вальнадумна настроеныя асяродкі - як у Расеі, так і ў Беларусі. Разьлік быў правільны - інфармацыю “ЭХО Москвы” імгненна падхопліваюць блізкія ёй па настроях лібэральныя расейскія інтэрнэт-сайты накшталт “Газета.ру”, “Newsru.com” і г.д. За імі ў паніку ўпадаюць і беларускія незалежныя мэдыі. А вось афіцыёзны “Інтэрфакс”, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў атачэньні Пуціна (які сымэтрычны піяраўскі контарудар!), называе гэтыя зьвесткі “спэкулятыўнымі фантазіямі”.

Холмс зручна закінуў нагу за нагу і працягнуў хаду сваіх думак.

- Ня ведаю як вам, Уотсан, а мне рэжа вочы тое, што пасады гэтак канкрэтна расьпісаныя: Пуцін - прэзыдэнт, Лукашэнка - сьпікер. Расстаноўка для Аляксандра Лукашэнкі відавочна нераўнапраўная, прыніжальная. Ведаючы беларускага прэзыдэнта, цяжка ўявіць, што ён згадзіўся на такі варыянт, нават не пагандляваўшыся як сьлед. А дзе, дарэчы, цяпер знаходзіцца містэр Лукашэнка? - нечакана спытаўся Холмс.

- Ня ведаю, - разьвёў я рукамі ў разгубленасьці.

- На іншым баку зямлі, у Паўднёвай Амэрыцы, - трыюмфальна прамовіў Холмс. - Ці не здаецца вам дзіўным, што прэзыдэнт, які напэўна ведае, што яго краіна праз тыдзень-другі навекі сальецца з багатым усходнім суседам, а сам ён атрымае цёпленькую пасаду, цягнецца ў Венесуэлу да Уга Чавэса за нафтай, якой у Расеі - хоць заліся?

- А што калі інфармацыю ўсё-такі распаўсюдзіў нехта з Крамля? - засумняваўся я.

- Глыбокая думка, Уотсан, - задумліва прамовіў Холмс. - Але мне здаецца, наўрад ці. Містэру Пуціну нявыгадны такі інфармацыйны розгалас перад беларускім візытам, які цяпер немінуча будзе ўскладнены гудзеньнем мэдыяў ды сапсаваны акцыямі пратэсту ў Менску. Ды гэта і ня ў стылі новага расейскага цара. Куды эфэктней (і гэта было б цалкам у Пуцінскай манэры - спачатку зрабіць, а потым сказаць) абвесьціць сэнсацыйныя зьвесткі ўжо пасьля таго, як зьліцьцё краінаў будзе зацьверджана. Уявіце сабе, што пасьля ўсіх выкідаў інфармацыі, ды афіцыйных абвяржэньняў, прэзыдэнты ўсё-ткі падпішуць той акт ды разьмяркуюць пасады. Гэта, прабачце, будзе выглядаць, як анекдот. А Пуціну зараз не да жартаў.

- Але якую з гэтага можна зрабіць выснову?

- Уотсан, для мяне амаль бясспрэчна тое, што гэтая сэнсацыйная інфармацыя (ці дэзінфармацыя) сапраўды сыходзіла зь беларускага боку, а не з расейскага. Яе мэта - ускладніць Пуціну вядзеньне перамоваў з Лукашэнкам. Што да адказу на пытаньне “Qui bono? Qui prodest?”, то я пакуль што маю дзьве гіпотэзы. Першая: укід інфармацыі выгадны самому Аляксандру Лукашэнку, каб атрымаць больш камфортныя стартавыя пазіцыі на перамовах з Пуціным. Зьяўленьне сэнсацыі менавіта тады, калі беларускага прэзыдэнта няма ў краіне, заўсёды дае яму магчымасьць вывучыць рэакцыю і, вярнуўшыся дадому, дзейнічаць па сытуацыі. Калі перамовы праваляцца, Расея абавязкова ўзмоцніць эканамічны ціск на Беларусь. Але цяпер Аляксандар Лукашэнка зможа ў многім нэўтралізаваць негатыўнае стаўленьне да сябе ў краіне - маўляў, зноў нас Крэмль хацеў жыўцом зьесьці, а я не паддаўся.

- Гучыць вельмі пераканаўча! - у захапленьні ўсклікнуў я.

- Не сьпяшайцеся, Уотсан, ёсьць яшчэ і другая гіпотэза. Укід інфармацыі мог быць сюрпрызам як для Пуціна, так і для Лукашэнкі. Ня выключана, што чуткі распусьцілі людзі з атачэньня беларускага прэзыдэнта, якія не зацікаўлены ў саюзе з Расеяй. Тыя, хто баіцца, што іх уплыў катастрафічна зьнізіцца, калі давядзецца на роўных канкураваць з цынічнымі ды багатымі крамлёўскімі вараціламі.

- Дык гэтая сэнсацыя - пустышка? - расчаравана уздыхнуў я.

- На жаль, на падставе гэтых дэталяў я пакуль што не магу адказаць на гэтае пытаньне, - адказаў Холмс. - Няясна, ці то беларускі бок выпусьціў у сьвет поўную прыдумку, ці, валодаючы пэўнай інфармацыяй, вырашыў зьмяшаць карты на перамовах. Ня выключана, што беларусы проста атрымалі са сваіх крамлёўскіх крыніцаў зьвесткі пра тое, які сыход перамоваў максымальна задаволіў бы Пуціна (ці спрагназавалі яго) - і вырашылі зараней дыскрэдытаваць такі варыянт. Няма дыму без агню: Пуцін напэўна будзе выкручваць беларусам рукі. Але для панікі таксама няма падставаў. Я схіляюся да таго, што ніякай строгай дамоўленасьці паміж Пуціным ды Лукашэнкам няма.

Холмс узьняўся, падышоў да вакна ды расчыніў фіранкі.

- У любым выпадку, я ўпэўнены, што ключ да гэтай таямніцы варта шукаць недзе ў Менску. Уотсан, будзьце ласкавыя, зірнеце на апошняй старонцы “Таймс” прагноз надвор'я для Ўсходняй Эўропы. Дарэчы, калі я не памыляюся, гэты кэб ля ганку ўжо чакае на нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?