Чытач «Нашай Нівы» паведаміў, што ў 65-й аўтамабільнай брыгадзе ў Жодзіне (в/ч 28729) адбылося масавае атручванне жаўнераў.

30 вайскоўцаў адчулі сябе дрэнна ў нядзелю 21 верасня.

«Усё пачалося яшчэ ў нядзелю ўвечары. Мы, як звычайна, схадзілі на вячэру, і праз некалькі гадзін некаторым з нас зрабілася блага. Усю ноч нашы хлопцы бегалі ў прыбіральню ванітаваць. Некаторых даймаў панос. Раніцай у панядзелак у некаторых паднялася тэмпература да 38. 28 чалавек адразу адправілі ў санчастку, якая ўсё папаўняецца. Нам забаранілі звальненні і наведванні вайскоўцаў зараз дазваляюцца толькі без ежы», — паведаміў адзін з вайскоўцаў, што праходзіць службу ў гэтай частцы.

Гэтую інфармацыю пацвердзіла «НН» сваячка яшчэ аднаго жаўнера тэрміновай службы.

Хлопец расказаў, што палова з хворых салдат знаходзіцца на лячэнні ў медсанчастцы. Ён таксама дадаў, што, на ягоную думку, вайскоўцы атруціліся адной з бацькоўскіх перадач, якую разам спажывалі.

Міністэрства абароны адмаўляе факт хваробы вайскоўцаў.

«Гэтая інфармацыя абсалютна не адпавядае рэчаіснасці», — паведаміў «Нашай Ніве» прэс-сакратар міністэрства Уладзімір Макараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?