Украінскія вайскоўцы не выключаюць, што расейскія баевікі пры падтрымцы рэгулярнай расейскай арміі могуць паспрабаваць правесці значныя наступальныя аперацыі, каб сілай змусіць Кіеў пайсці на палітычныя саступкі, і будуюць абарончыя ўмацаванні.

«Па загадзе прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Данецкай і Луганскай абласцях будуюцца першая, другая і трэцця лініі абароны», — паведаміў у пятніцу прэс-цэнтр Антытэрарыстычнай аперацыі.

Першая лінія абароны праходзіць па наяўнай лініі фронту, другая будуецца на адлегласці 15-20 км ад яе. Праца над трэцяй лініяй яшчэ не распачыналася.

Газета «Украінская праўда» апублікавала фотаздымкі, на якіх бачныя ўмацаванні, што будуюцца для ўкраінскіх вайскоўцаў ў раёне Курахова — мястэчка прыкладна ў 28 км на захад ад Данецка. Такім чынам, яны належаць да другой лініі ўкраінскай абароны.

Фактычна, першыя дзве лініі ўяўляюць сабой каля 200 так званых узводных-апорных пунктаў, якімі блакуюцца ўсе больш-меньш прыдатныя для руху транспарта накірункі.

Калі апорны пункт стаіць на шасэйнай дарозе, то на ім можа знаходзіцца блакпост, а вакол арганізаваныя пазіцыі для пяхоты і бранятэхнікі — БТР, БМП, танкаў і самаходных зенітных установак. Для ўмацавання пяхотных пазіцый ад магчымага артылерыйскага абстрэлу выкарыстоўваюцца бетонныя блокі і пліты.

Іншыя пункты не знаходзяцца на дарогах, а кантралююць пануючыя высоты — раўніны і стэпы Усходняй Украіны часам дазваляюць прастрэльваць тэрыторыю на 15-20 км улева і ўправа, адзначыў Дзмітрый Ісаенка, намеснік міністра рэгіянальнага будаўніцства Украіны.

Па ягоных словах першая лінія абароны ўжо гатовая на 98%, другая — на 50.

Пункты не стаяць на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго, бо гэта залежыць ад ландшафта канкрэтнага раёна — часам паміж імі 5, а часам і 20 км.

Наколькі можна судзіць, галоўныя мэты другой лініі ўкраінскай абароны — кантраляваць сітуацыю ў бліжняй зоне за лініяй фронту і хаця б часова затрымаць магчымы прарыў расейскай арміі і баевікоў праз першую лінію.

У ідэале яны стануць тым рубяжом, за які зачэпіцца ўкраінская армія пры патрэбе адступаць ад цяперашняй лініі фронту, і стануць новай лініяй абароны. Самастойна, канешне, узвод (ва ўкраінскай арміі — 28 чалавек) нават пры падтрымцы некалькіх адзінак тэхнікі не стрымае надоўга які-кольвек масавы наступ. 

Не выключана, што на фоне рэзкага падзення коштаў на нафту і курса расейскага рубля, Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць арганізаваць чарговую вайсковую авантуру, каб падтрымаць уласны імідж унутры РФ і змусіць Захад адмяніць эканамічныя санкцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?