У выхадныя ў сацыяльных медыя хутка разнеслася навіна пра забытыя ў адным з банкаматаў горада Лахці (Фінляндыя) банкноты. Грошы пабачыла Ханна Хука, яна ж, у надзеі знайсці ўладальніка грошай, апублікавала абвестку ў Facebook.

Грошай было няшмат — усяго некалькі дзясяткаў еўра, але дзяўчына вырашыла, што і такая сума можа быць для кагосьці важнай.

«Я падумала, гэта могуць быць апошнія грошы маладога чалавека. Ці пажылога, які зможа на гэтую суму купіць сабе ежы на некалькі разоў».

Абвестка сабрала сотні перапостаў і каля дзесяці тысяч «лайкаў». На думку многіх, дзяўчына праявіла ўзорную сумленнасць.

У нядзелю ўвечары абвестку ўбачыў і ўладальнік грошай — Ёёнас Мікаэл Ківіёя.

«Я падумаў, што або згубіў іх, і магу вінаваціць толькі сябе, або забыўся іх у банкамаце. Дзяўчыне, якая знайшла грошы, я сказаў: як добра, што ёсць на свеце такія людзі, як яна. Я вельмі цаню гэты ўчынак, — сказаў Ківіёя.

Мужчына дадаў, што страта банкнот не паўплывала на яго фінансавае становішча, але ён быў прыемна здзіўлены, калі атрымаў свае грошы назад.

Выданне Yle.fi падкрэслівае, што ў Фінляндыі гэта далёка не першы выпадак, калі згубленыя грошы, у тым ліку і буйныя сумы, знаходзяць свайго ўладальніка дзякуючы свядомасці грамадзян і сацыяльным медыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0