Мінскі гарвыканкам прапануе інвестарам забудаваць жылымі дамамі павышанай камфортнасці прыватны сектар у раёне развязкі праспектаўЖукава і Дзяржынскага.

Квартал даўно меркаваўся пад знос, яго жыхарам забаранялі разбудоўвацца. У той жа час знос адкладаўся дзесяцігоддзямі, і ў выніку людзі дзесяцігоддзямі жылі без вадаправоду і каналізацыі.

Агулам участак у раёне праспектаў Жукава і Дзяржынскага, які чарговы раз выстаўляюць на аўкцыён, займае плошчу 3,7 гектара. Тут пад знос трапляе 37 жылых і нежылых будынкаў. На вуліцы Шчорса плануецца знесці дом №43, на2-й вуліцы Шчорса — дамы №20А, 33, 39, 41, на 1-й Землямернай — №21, 23, 25, 27, 30/41, 32, 34, 36, 38, 40, 42, 44, 46, 48, 50, 52, 31, 33, 35, 37, 39, 41/26; на 2-й Землямернай — №27, 29, 31, 33, 35, 37, 43, 47, 49, 51. 

На 2-й Землямернай вуліцы з драўлянымі хатамі суседнічаюць вялікія сучасныя катэджы, якія прадстаўнікі «Белгіпразема» ацанілі ў суму каля 500 тысяч долараў кожны.

Зрэшты. іх гаспадары спадзяюцца, што новая спроба зносу скончыцца нічым, як і папярэднія.

«Калі прыходзілі ацэншчыкі, яны сказалі, што пакуль робіцца толькі ацэнка гэтага квартала, каб знайсці патэнцыйнага інвестара, — распавядае архітэктар, які пабудаваў свой двухпавярховы дом з утульным унутраным дворыкам ды невялічкай сажалкай з залатымі рыбкамі яшчэ напрыканцы 1990-х. — Чатыры інвестары ўжо адмовіліся, бо занадта дарагое задавальненне тут будаваць. Таму пакуль размова вядзецца толькі пра спробу знайсці інвестара, які ацэніць свае рызыкі ды пажадае забудоўваць. Тады ўжо з ім можна будзе судзіцца наконт коштаў. Так што, у прынцыпе, ўсё цывілізавана… на жаль».

Сумарны памер выдаткаў на знос, адсяленне людзей і грашовую кампенсацыю ім складае амаль 56 мільярдаў ($5,1 млн). Але практыка паказвае, што гэта заніжаныя сумы, рэальна людзі адсудзяць больш. 

«Пажыўшы тут 16 гадоў, я ўжо адвык ад гэтых пад’ездаў, распісаных ліфтоў і ўсёй гэтай гідоты, — дзеліцца планамі жыхар 35-га дома ў выпадку, калі інвестар усё ж з’явіцца. — Хаця ў новых дамах нібыта нічога, але мы ўжо прызвычаіліся жыць асобна: машыну загнаў пад навес, яна стаіць, сабаку ў дворык выпусціў і не трэба з 20 паверха яе на шнурочку весці. Таму буду шукаць участак і будавацца на новым месцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?