Штогод у снежні «Наша Ніва» параўноўвае цэны ў беларускіх сетках крамаў: якая самая дарагая, а якая — самая танная? Сёлета ў нашым спажывецкім кошыку 15 прадуктаў — ад свінога фаршу і макароны да шакаладу і піва.

Выбар прадуктаў

Чаму менавіта яны? Галоўнае, каб гэты тавар прадаваўся ў абсалютнай большасці крамаў. Таму некаторыя прадукты давялося выкрасліць з кошыка. Напрыклад, каўбасы. Прадукцыя Гродзенскага мясакамбіната ёсць у большасці крамаў, але гатункі часта адрозніваюцца. Недзе возьмеш «Доктарскую», а недзе — толькі «Духмяную».

Іншае патрабаванне — каб цана ў розных крамах адрознівалася. Вялікі «Снікерс» амаль паўсюль каштуе 9500 рублёў, толькі «Еўраопт» прадае яго на 250 рублёў танней, а «Віталюр» — на 200 рублёў даражэй. Розніца непрынцыповая.

Наша даследаванне не прэтэндуе на навуковы статус. Напрыклад, кулінарыя ў кожнай краме свая. Нехта дадае ў курыны фарш свіны шпік, а нехта робіць яго толькі з курынага філе. Складана ацаніць і якасць фруктаў: у адной краме бананы пераспелыя, а ў іншай (часам той самай сеткі) — яшчэ зялёныя.

Але тэндэнцыі на рынку навідавоку. І летась, і пазалетась самай таннай крамай аказваўся «Еўраопт». Што атрымалася сёлета?

Перамога з адрывам

Лідар не змяніўся. «Еўраопт», якім валодаюць бізнэсмены-эмігранты Сяргей Літвін і Уладзімір Васілька, набраў 135 пунктаў са 150 магчымых (глядзі табліцу). Прычым найменш каштуюць прадукты доўгага захоўвання. Гіганцкі абарот трох сотняў крамаў дазваляе сетцы закупляць тавары па нізкай цане.

Сёлета «Еўраопт» запусціў сервіс бясплатнай дастаўкі прадуктаў дадому, праўда, пакуль толькі ў Мінску і прыгарадах. У выпадку інтэрнэт-замовы цана становіцца яшчэ на 5% ніжэйшай, чым у крамах сеткі.

Як і летась, другое месца — «Гіпа» мільянера Алега Бараноўскага, услед за ім «Прастор» Юрыя Чыжа. Самы багаты беларус згубіў цікавасць да рытэйлу, ягоныя крамы засталіся толькі ў Мінску.

Як лічылі

Якую методыку падлікаў мы абралі? Напрыклад, кілаграм іспанскай хурмы ў «Гіпа» прадаецца за 18900 рублёў. Гэтая найлепшая цана сярод канкурэнтаў, значыцца, крама атрымлівае максімальныя 10 балаў. Найдаражэй хурма каштуе ў «Белмаркеце» — 26850 за кілаграм. Гэтай краме налічваем 1 бал. Астатнія сеткі атрымліваюць прамежкавыя балы прапарцыйна розніцы ў цане. Здараецца, што некаторыя крамы прынцыпова не прадаюць той ці іншы тавар. Напрыклад, «Віталюр» не працуе з рыбай у вакуумнай упакоўцы ад «Санта-Брэмара»: нашто, калі ёсць такая самая ўласнай вытворчасці? А ў «Прасторы» пры ўсім жаданні не купіш сокаў і нектараў «Сочны». У такіх выпадках мы налічвалі крамам сярэднія пяць балаў.

Таямніца

На жаль, ніводная з беларускіх сетак не публікуе ў інтэрнэце каталогу сваіх тавараў. Таму даведацца цэны пакупнікі могуць толькі непасрэдна ў крамах.

Асноўныя гандлёвыя сеткі Беларусі

«Родны кут» (Белкаапсаюз) — тысячы крамаў, пераважна ў вёсках.

«Дарорс» (Белчыгунка) — 74 дробныя крамы Белчыгункі ў Мінску (агулам – больш за 120).

«Рублёўскі» — 45 крамаў у Мінску (агулам — 55).

«Еўраопт» — 43 крамы ў Мінску (агулам — 290).

«Суседзі» — 30 крамаў у Мінску (агулам — 43) + 15 крамаў «Трапінка»

«Віталюр» — 24 крамы ў Мінску (агулам — 33).

«Белмаркет» — 17 крамаў у Мінску (агулам — 66).

«Гіпа» — 8 крамаў у Мінску (агулам — 10).

«Алмі» — 8 крамаў (агулам — 46).

«Родная старонка» — 7 крамаў у Мінску (агулам — 89).

«Март Інн» — 6 крамаў у Мінску (агулам — 25).

«Прастор» — 4 крамы ў Мінску.

«Карона» — 3 гіпермаркеты ў Мінску (агулам — 8).

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?