Тэлеканал «Беларусь-1» ускосна адказаў на вынікі даследавання НІСЭПД. Паводле падлікаў сацыёлагаў, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зменшыўся да 40%.

Тэлевізіёншчыкі далі свой адказ, у пацверджанне папулярнасці Лукашэнкі яны сабралі лічбы… інтэрнэт-праглядаў.

«Да навагодняга віншавання прэзідэнта было прыкавана асаблівая ўвага айчынных і замежных СМІ, а таксама шараговых карыстальнікаў інтэрнэта. Толькі на Ю'Туб канале БелТА відэа навагодняга звароту за тры дні паглядзела больш за 32 тысячы чалавек», — пахваліўся вядучы Сяргей Гусачэнка.

«Адзін з інфармацыйных рэсурсаў размясціў 1 студзеня навагоднія звароты Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі, прапанаваўшы іх параўнаць, — працягнула Паліна Шуба. — Інтэрнэт-карыстальнікі прыйшлі да высновы, што «найлепшае віншаванне ў прэзідэнта Беларусі, таму што на чалавечнасці і адзінстве трэба канцэнтравацца», а не на «перамозе», «ворагах» ці асобна ўзятай Радзіме, няхай і вялікай».

Цікава, што гэты каментар БТ узяло з-пад артыкула на сайце Радыё Свабода. Ён належыць Наталлі Дацык з Мазыра. Аднак большасць меркаванняў тамтэйшых каментатараў назвала найлепшым зварот Пятра Парашэнкі.

«Дарэчы, у СМІ назіраецца ўстойлівы, маштабны рост цікавасці да дзейнасці і палітычнай постаці прэзідэнта Беларусі. У снежні колькасць згадак «кіраўніка дзяржавы» ў прэсе ў параўнанні з лістападам павялічылася больш чым удвая. І па дадзеных міжнароднага агрэгатара навінаў «Яндэкс.Навіны», перавысіла 11 тысяч. Таксама ў снежні Аляксандр Лукашэнка ўвайшоў у топ-10 самых згадваных у расійскіх СМІ персон месяца — па версіі «Сістэмы комплекснага аналізу навінаў», — падсумаваў Сяргей Гусачэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0