Лятальны апарат Solar Impulse-2 ўзяў курс на ўсход ад Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у кірунку Амана. Самалёт абляціць вакол Зямлі складаным маршрутам з шматлікімі прыпынкамі на працягу бліжэйшых пяці месяцаў.

Пілатаваць аднамесцавую машыну будуць папераменна двое швейцарскіх энтузіястаў экалагічна чыстых тэхналогій — Андрэ Баршберг, які сядзеў за штурвалам у Абу-Дабі, і Бертран Пікар.

Прыпынкі спатрэбяцца для адпачынку, рамонту і папулярызацыі тэхналогіі.

Умовы поспеху

«Я ўпэўнены, што ў нас асаблівы аэраплан і ён перанясе нас праз акіяны», — сказаў перад узлётам Баршберг у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Папярэднік цяперашняй машыны, Solar Impulse-1, паставіў цэлы шэраг сусветных рэкордаў, у тым ліку пералёт праз паўночнаамерыканскі кантынент ў 2013 годзе.

Аднак падарожжа вакол Зямлі аказалася больш амбіцыйнай мэтай, і для гэтага прыйшлося пабудаваць самалёт яшчэ большых памераў.

Размах крылаў Solar Impulse-2 складае 72 метры — гэта больш, чым у Boeing-747.

Пры гэтым ён важыць усяго 2,3 тоны. Малая маса — адна з умоў поспеху экспедыцыі.

Другая ўмова — гэта прадукцыйнасць і надзейнасць 17 тысяч сонечных элементаў на верхняй паверхні крылаў, а таксама літый-іённых акумулятараў, што будуць падзараджацца ад батарэй для палёту ў цёмны час сутак.

Гэта асабліва важна для пералётаў праз Ціхі і Атлантычны акіяны, якія будуць працягвацца некалькі дзён без пасадкі.

Без сну

Пілотам практычна ўвесь гэты час давядзецца абыходзіцца без сну — яны змогуць толькі задрамаць хвілін на 20, як гэта робяць яхтсмены-адзіночкі.

Задача ўскладняецца неабходнасцю знаходзіцца ўвесь гэты час у кабіне памерам усяго 3,8 кубічнага метра, што ненашмат больш тэлефоннай будкі.

Баршберг кажа, што яму дазволіць вытрымаць гэтыя нагрузкі ёга. Пікар спадзяецца на новы ўзровень. «Але і мой запал мяне таксама будзе падтрымліваць», - дадае ён.

«У мяне 16 гадоў таму зарадзілася мара абляцець вакол свету без паліва на адной сонечнай энергіі. А зараз мы вось-вось гэта зробім. Я з нецярпеннем чакаю, калі апынуся ў кабіне», - адзначыў Пікар.

Авіятараў падтрымлівае добра навучаная каманда інжынераў. Цэнтр кіравання палётам знаходзіцца ў Манака, але група інжынераў будзе ісці за самалётам усюды. У іх ёсць мабільны ангар на час стаянак.

Поспех Solar Impulse-2 зусім не гарантаваны. Камп'ютарныя мадэлі паказваюць, што пералёты праз акіян магчымыя, але толькі пры спрыяльных умовах надвор'я.

Гэта азначае, што магчыма, камандзе прыйдзецца тыднямі чакаць добрага надвор'я на зямлі.

Калі самалёт не зможа пераляцець праз Ціхі акіян або Атлантыку, пілот катапультуецца і будзе плаваць у акіяне з дапамогай рыштунку для выжывання, пакуль яго не падбярэ які-небудзь карабель.

Андрэ Баршберг — паводле адукацыі інжынер і вайсковы лётчык, але свае грошы ён зрабіў на інтэрнэт-тэхналогіях.

Бертран Пікар вядомы сваімі подзвігамі на ніве паветраплавання. У 1999 годзе ён здзейсніў першы беспасадкавы палёт вакол Зямлі на паветраным шары.

Ён сын Жака Пікара, які першым апусціўся ў 1960 годзе на дно Маріанскай упадзіны — самай глыбокай кропкі Сусветнага акіяна.

А ягоны дзед Агюст Пікар у 1931 годзе першым падняўся на паветраным шары ў стратасферу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?