Паколькі 8 сакавіка першапачаткова ўзнік як дзень барацьбы за раўнапраўе мужчын і жанчын, AUTO.TUT.BY накіраваліся з віншаваннямі да чалавека, да поспехаў якога далёка многім прадстаўнікам моцнага полу. У салоне Mercedes ML 400 мы сустрэліся з саўладальніцай папулярнай беларускай маркі адзення Mark Formelle Святланай Сіпаровай. Яна распавяла, чаму ў буйным бізнэсе так мала жанчын, навошта наймаць замежных кансультантаў у беларускую кампанію, а таксама па якіх прычынах айчынны легпрам знаходзіцца не ў лепшым стане.

«Адзіны мінус аўтамабіля ў тым, што ён глушыць матор на святлафоры»

Суразмоўніца кажа, што раней яна ездзіла на Toyota Camry, якую лічыць практычным аўтамабілем. Гэтай восенню Святлана вырашыла змяніць аўто на больш эмацыйнае.

— Паколькі на той момант я ўжо паездзіла на ўседарожніках мужа (Андрэй Серыкаў, партнёр па бізнэсе. — TUT.BY), зразумела, што хачу нешта падобнае. А менавіта Mercedes ML я абрала таму, што ён для мяне больш сяброўскі па дызайне.

Суразмоўніца кажа, што не хацела сабе чорную машыну, бо мінулая была менавіта такога колеру.

Зыходзячы з таго, што Сіпарова выбірала не асабісты, а службовы аўтамабіль, то непасрэдна купляй машыны займаліся кіроўца і яе муж. У лістападзе мінулага года яны прыгналі Mercedes ML 400 з маскоўскага салона.

— Машына мяне зусім не расчаравала, а некаторыя дэталі вельмі парадавалі. Напрыклад, з опцый мне падабаецца аўтаматычнае пераключэнне далёкага святла на блізкае і наадварот.

Адзіны мінус з опцый аўто для Святланы — гэта рэжым ЭКО, якi пастаянна глушыць рухавік машыны на святлафоры.

«Горш за ўсё паводзяць кіроўцы на BMW і на транзітных нумарах»

З хадавых якасцяў свайго аўто Святлана адзначае мяккую падвеску і выдатную дынаміку, хоць яна і не любіць вялікіх хуткасцяў. Пры яе спакойнай манеры язды Mercedes расходуе каля 12 літраў АІ-95 у змешаным рэжыме.

— У мяне правы з 1998 года, таму зараз я езджу так, каб было камфортна і мне, і маім пасажырам. Вядома, у канцы 90-х на сваім Volkswagen Passat B3 я ездзіла трошкі па-іншаму

Трохі горш ездзілі, па ўспамінах суразмоўніцы, і іншыя кіроўцы ў той час. Хоць і зараз не ўсё ідэальна, бо некаторыя аўтамабілісты, кажа Святлана, пастаянна кідаюцца з шэрагу ў шэраг, «быццам яны баяцца прапусціць нешта важнае».

— Засталіся яшчэ тыя, хто вельмі блізка пад'язджае да тваёй машыны і, не звяртаючы ўвагі ні на што, міргае, каб ты яму саступіў. Як правіла, гэта кіроўцы BMW і аўтамабіляў на транзітных нумарах. Адных на хуткую язду правакуюць іх машыны, астатніх — жаданне апрабаваць толькі што набытае аўто.

«Паспяховая жанчына ў Беларусі — гэта не заўсёды паспяховы бізнэсмен»

Таксама, па словах суразмоўніцы, адрозніваюцца і паводзіны мужчын з жанчынамі на дарозе: другія больш асцярожныя. Па назіраннях Сіпаровай, гэта якасць прыгожай паловы пераносіцца і на сферу бізнэсу.

— Нават статыстыка гаворыць аб тым, што калі ў радзе дырэктараў кампаніі ёсць хоць адна жанчына — гэтыя арганізацыі не схільныя прымаць нейкія рызыковыя рашэнні. Але я не кажу, дрэнна гэта ці добра.

Святлана не лічыць дрэнным і тое, што ў беларускім буйным бізнэсе зусім няшмат жанчын. Кажа, што справа тут зусім не ў жорсткай канкурэнцыі ці асаблівых правілах гульні ў гэтай сферы.

— Я думаю, што буйны бізнэс проста больш цікавы мужчынам, бо ў жанчын акрамя прадпрымальніцтва ў жыцці ёсць і іншыя інтарэсы, напрыклад сям'я. Ды і ў вачах грамадства паспяховая жанчына — гэта далёка не заўсёды паспяховы бізнэсмен.

У бардачку аўто Святланы мы знайшлі дыскі яшчэ адной паспяховай і ўплывовай жанчыны.

У бардачку аўто Святланы мы знайшлі дыскі яшчэ адной паспяховай і ўплывовай жанчыны.

«Замежныя кансультанты прымушаюць думаць па-іншаму»

Да свайго ж поспеху ў прадпрымальніцтве суразмоўца ішла каля 15 гадоў. Святлана расказвае, што ў сярэдзіне 90-х пасля інстытута прыйшла менеджарам па продажах у кампанію бацькі, якая займалася пашывам ніжняй бялізны. Выйшаўшы замуж і прайшоўшы пэўныя прыступкі кар'ернай лесвіцы, 6 гадоў таму яна вырашыла пакінуць кампанію і арганізаваць сваю справу з мужам.

— Мы з бацькам бачылі бізнэс па-рознаму, таму вырашылі ісці кожны сваім шляхам. Да таго ж я разумела, што працаваць з мужам мне будзе прасцей.

Нескладаным для Сіпаровай быў і выбар спецыялізацыі бізнэсу, бо яна ўсё свядомае жыццё займалася продажам і вытворчасцю ніжняй бялізны. Крыху пазней у лінейцы прадукцыі Mark Formelle з'явіліся майкі, шорты, штаны і пасцельная бялізна.

— Да пашырэння лінейкі нас падштурхнула тое, што мы пачалі адкрываць свае ўласныя крамы. Мы хацелі, каб чалавек мог да нас зайсці і купіць не толькі ніжнюю бялізну, а цэлы камплект адзення.

Вялікую ролю ў развіцці бізнэсу адыгралі і нямецкія кансультанты па вытворчасці і маркетынгу, якія былі прыцягнуты ў рамках праграмы па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта праект Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які і аплачваў 90% працы дадзеных спецыялістаў на працягу 2 гадоў. Святлана кажа, што кансультанты сапраўды далі шмат слушных парадаў.

— Напрыклад, да з'яўлення кансультантаў нашы крамы былі не такімі яркімі, бо мы баяліся, што гэта адпудзіць пакупніка недарагога адзення. Але спецыяліст па маркетынгу распавёў, што гэта зусім не так — і мы зрабілі рэдызайн гандлёвых кропак. У выніку аказалася, што ён абсалютна мае рацыю, таму што пакупнікоў стала больш.

А вось спецыяліст па вытворчасці, узгадвае суразмоўніца, перасунуў каляскі ў цэху такім чынам, што прадукцыйнасць вырасла на 40%. Зыходзячы з гэтага, Mark Formelle плануе працягваць супрацоўніцтва з банкам, хоць на гэты раз еўрапейцы будуць аплачваць толькі 50% бюджэту.

— Замежныя спецыялісты прымушаюць думаць па-іншаму і па-іншаму глядзець на некаторыя рэчы. Калі раней я думала, што беларус не патрэбен яркі дызайн і смелыя вырашэнні ў вопратцы, то дзякуючы нямецкім спецыялістам я кардынальна памяняла сваё меркаванне. Акрамя таго, за апошнія гады моцна памянялася і грамадства: людзі хочуць апранацца незвычайна і з густам.

Сама Святлана сёння апранутая ў паліто Pinko, шалік Bershka і боты Ecco.

«З беларускіх складнікаў у нашай вопратцы толькі этыкеткі»

Нямала беларусаў хоча апранацца не толькі незвычайна, але і якасна. Адзначаем, што пару гадоў таму ад пакупнікоў Mark Formelle з'явіліся скаргі на тое, што адзенне хутка губляе колер пры мыцці.

— Такая праблема сапраўды была, таму мы перасталі працаваць з тымі пастаўшчыкамі матэрыялу. Мы над гэтым працавалі і працуем.

Дарэчы, тканіна, з якой шыюць на фабрыках Святланы, — турэцкая, а карункі яны пастаўляюць з Латвіі. Суразмоўніца кажа, што толькі этыкеткі ў іх беларускай вытворчасці.

— Трыкатаж у Турцыі лепшы і таннейшы за беларускі працэнтаў на 30, а вось карункі наогул не выпускаюць ні ў нас, ні ў Расіі. Гэта вельмі дзіўна, бо такі бізнэс не настолькі складаны.

І хоць адзенне і шыецца з імпартных складнікаў, Сіпарова адзначае, што галоўнае — гэта беларускія дызайнеры і простыя работнікі.

— Мы спецыяльна размяшчаем свае вытворчасці ў малых гарадах, дзе сярэдні заробак ніжэйшы. Мы плацім вышэй за сярэдні па галіне. Але з-за меншых выдаткаў на вытворчасць мы можам трымаць і цэны ніжэйшымі, чым у канкурэнтаў, якія размяшчаюць вытворчасць у вялікіх гарадах.

Суразмоўца ўпэўненая, што нават пры нізкіх коштах можна рабіць рэчы прымальнай якасці.

— Якасць — паняцце для кожнага рознае, але цалкам рэальна рабіць недарагую вопратку, якая будзе адпавядаць стандартным патрабаванням. Гэтыя патрабаванні ўключаюць у сябе добрую пасадку, нармальныя матэрыялы і не распоўзлыя праз пару пранняў швы. І тое, што рабіць недарагую, прыгожую і прымальную па якасці вопратку можна, ужо даказана тым жа H&M, да ўзроўню якога мы імкнемся.

«Світанак» прывык, што ў яго ёсць свая аўдыторыя — савецкі грамадзянін»

Імкненне да развіцця даказвае і тое, што прыбытак кампаніі ў 2014 годзе, па словах суразмоўніцы, прыкладна на 30% большы за прыбытак 2013 года. А вось беларускі легпрам даказвае тое, што не ўсё ў кампаніі па пашыве адзення становяцца паспяховымі ў рынкавых умовах.

— Раней для нас асноўнымі канкурэнтамі былі фабрыкі «Світанак», «Купалінка» і «8 Сакавіка», але мы, напэўна, іх абышлі ўжо некалькі гадоў таму. А чаму ў іх так ідуць справы, я сама ўвесь час пытаюся, хоць маю некаторыя здагадкі.

Напрыклад, Сіпарова лічыць, што «Світанак» своечасова не мадэрнізавалі і фабрыка проста згубіла рынак.

— Яны прывыклі да таго, што ў іх ёсць свая аўдыторыя — такі савецкі грамадзянін, які ведае, што «Світанак» — гэта танна. Але гэта было раней, бо зараз у Беларусі з'явіўся шырокі выбар адзення па дэмакратычных цэнах. Ды і пакупнік змяніўся: чалавек лепш купіць рэч на 20 тысяч даражэйшую, але гэта будзе яркае адзенне.

Яшчэ менш шанцаў утрымацца ў сучасных умовах, кажа суразмоўца, было ў фабрыкі «Купалінка», бо «яны не так танныя, як «Світанак», і не такія яркія, як Mark Formelle».

— А вось у фабрыкі «8 Сакавіка» нядаўна з'явіўся моцны дырэктар, які падняў гэтае прадпрыемства. Я заўважыла нейкія новыя рашэнні, іх адзенне стала больш заўважным на паліцах, але потым дырэктара знялі…

«Ну як ЦУМ можа зрабіць план па экспарце, які яму даводзяць?»

Чаму знялі кіраўніка гэтай фабрыкі, суразмоўніца не ведае, але кажа, што іншыя ўвогуле не хочуць развівацца і баяцца прымаць рашэнні.

— Успомнім тыя ж спартыўныя штаны «Бабруйсктрыкатаж», за якія яны трымаюцца нават не 20, а 30 гадоў. І яны будуць і сёння адпраўляць іх у гандаль замест таго, каб шукаць новыя рашэнні ці хаця б колер. 

Хоць, дзеля справядлівасці, Святлана адзначае, што ў прыватніка нашмат больш свабод, чым у кіраўніка любога прадпрыемства канцэрна «Беллегпрам». Яна прыводзіць прыклад, што дырэктары гэтых фабрык павінны даваць справаздачу ў канцэрне за кожную камандзіроўку, хоць маглі б выдаткаваць гэты час больш эфектыўна.

— Так і выходзіць, што для мяне крытэр — рынак, а для іх — эканомія электрычнасці. Нават часам у размове з дзяржаўнымі крамамі думаеш: божа мой, як можна іх прымусіць рабіць план па экспарце? Ну як ЦУМ можа зрабіць план па экспарце?

Сіпарова адзначае, што значна асеў экспарт і ў дзяржаўных фабрык, бо на расійскім рынку цяпер поўна як мясцовых, так і недарагіх замежных брэндаў. Таму ў суседнюю краіну Mark Formelle выходзіць асцярожна.

— Напрыклад, з-за вялікай прапановы мы не адкрываем крамы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, працуючы ў Цверы, Чарапаўцы і Туле. Попыт нядрэнны, але якія цяпер у Расіі продажы?

«Беларусы не настолькі пакрыўджаныя, што на радзіме немагчыма рабіць бізнэс»

Для таго, каб працаваць ва ўмовах канкурэнтнага рынку Расіі, натуральна, патрэбныя і нармальныя дызайнеры. Святлана адзначае, што ў нас у краіне бракуе такіх спецыялістаў, якія б рабілі мадэлі рэчаў менавіта для масавага спажыўца.

— Нашым дызайнерам часта трэба ставіць рамкі, таму што рэч для мас-маркету павінна быць тэхналагічнай, простай ў вытворчасці і ўкладацца ў пэўны бюджэт вытворчасці. І не ўсе беларускія дызайнеры хочуць адчуваць рынак і спажыўца, хоць цяпер у многіх ужо з'яўляецца разуменне ў розніцы паміж камерцыйнай рэччу і прэт-а-партэ.

Таму акрамя беларусаў над дызайнам Mark Formelle працуюць і спецыялісты з Вялікабрытаніі, якія бывалі і ў нас у краіне.

— І калі гэтыя дзяўчынкі да нас прыязджаюць, то кажуць: якія ж вы шчаслівыя, што ў вас у краіне акіян нерэалізаваных ідэй для бізнэсу. Я з імі салідарная і не думаю, што беларусы настолькі пакрыўджаныя, каб было немагчыма зрабіць бізнэс на радзіме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?