«Майго 28-гадовага сына Драгуціна знайшлі мёртвым у сваёй кватэры ў Жлобіне 22 снежня 2014 года, — звярнуўся ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» Нябойша Дзеніч з Сербіі.

— Ён працаваў у італьянскай кампаніі праграмістам. Спачатку яго смерць аб’явілі самагубствам. Але пасля знайшліся запісы, у якіх Драгуцін узгадвае, што нехта хоча яго забіць і ён думае пакінуць працу. У нас з’явілася падазрэнне, што, магчыма, гэта не было самагубства. Але беларускія і сербскія СМІ маўчаць. Мой сын быў сумленным чалавекам з моцным характарам. Ён быў рэлігійным, вёў здаровы лад жыцця. Яго маці і я шмат працавалі, каб даць яму адукацыю. І ён быў удзячным дзіцем».

«У замок знутры быў устаўлены ключ»

Драгуцін прыехаў у Беларусь у лістападзе 2014 — гэта была камандзіроўка на Беларускі металургічны завод. Працаваў на італьянскую кампанію «Danieli Automation». Серб прыехаў у якасці шэф-мантажніка для нагляду за мантажом, пуска-наладачнымі работамі на будаўніцтве драбнасортна-драцянога пракатнага стана. Спачатку некалькі дзён жыў у гатэлі, а затым пераехаў у арандаваную кватэру.

«У апошні раз жывым калегі па працы бачылі яго ў суботу вечарам, 20 снежня, на шашлыках. У нядзелю каля 23 гадзін мужчына праз інтэрнэт камунікаваў са сваім бацькам. Як патлумачыў пазней бацька памерлага, сын быў нечым усхваляваны. 22 снежня 2014 шэф-мантажнік не з’явіўся на працы, на тэлефонныя званкі не адказваў. Калегі звярнуліся да гаспадара кватэры, у якой пражываў серб, з просьбай адамкнуць дзверы. Аднак гэта не ўдалося, бо ў замок знутры быў устаўлены ключ», — расказала «Нашай Ніве» прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Давялося выклікаць ратавальнікаў. Яны выбілі на кухні акно і залезлі ў кватэру. У зале на люстры, на тканым рэмені, вісела цела, а на люстры матляўся яшчэ і абарваны USB-кабель. На падлозе валяўся рэмень са зламанай спражкай. З кватэры следчыя забралі сцізорык са слядамі крыві.

Раны на целе

Слядоў узлому ў кватэры не знайшлі, крадзяжу таксама. Эксперты прычыну смерці вызначылі — механічная асфіксія пры павешанні. Але акрамя слядоў ад рэменя на шыі, на целе знайшлі рэзаныя раны і драпіны на шыі, жываце, руках, якія, паводле заключэння, не знаходзіліся ў прычыннай сувязі са смерцю. На думку экспертаў, дадзеныя раны ён мог нанесці сабе сам.

«Падчас праверкі следчымі пры ўзаемадзеянні з доктарам-псіхіятрам вывучаліся тэксты, якія грамадзянін Сербіі накіроўваў сваім блізкім. У сваіх запісах мужчына разважаў пра яго пераслед з боку працадаўцаў, якія маглі, па яго меркаванні, быць звязаныя з масонамі і мафіяй», — расказала Крываногава.

На працы Драгуцін быў замкнёны, з калегамі кантактаваў выключна па працоўных пытаннях.

«Следчыя прыйшлі да высновы, што грамадзянін Сербіі скончыў жыццё самагубствам, зрабіўшы да гэтага некалькі незавершаных спроб скончыць з сабой шляхам нанясення сабе парэзаў і праз павешанне».

Заключэнне сербскага патолагаанатама

Заключэнне беларускага патолагаанатама бацьку Драгуціна не задаволіла. І ён арганізаваў паўторнае ўскрыццё цела ў Сербіі. Яго зрабілі ў Бялградзе пры Вайскова-медыцынскай акадэміі. «Палкоўнік Івіца Міласаўлевіч сказаў нам, што першае заключэнне з’яўляецца не поўным і недастатковым. І ён мяркуе, што гэта, хутчэй за ўсё, было забойства», — расказвае бацька.

Нябойша прыслаў заключэнне сербскага спецыяліста. Той звяртае ўвагу на разрэзы на абодвух перадплеччах, на жываце і на абодвух баках шыі, пра дзве дзіркі ад уколу на левым плячы.

«Наш сын быў звычайным праграмістам», — кажа Нябойша. Сям’і не хочацца верыць, што ён зрабіў сабе смерць.

У той жа час беларускія следчыя не знайшлі падставаў думаць, што магло быць забойства. Супаставіўшы факты, яны прыйшлі да высновы, што трагедыя была выкліканая псіхічным разладам у душы маладога чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?