Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер адмовіўся назваць Украіну еўрапейскай дзяржавай, каб прадухіліць прызнанне права Украіны падаваць заяўку на сяброўства ў ЕС.

Гэта адбылося на прэс-канферэнцыі па выніках саміту Украіна—ЕС у Кіеве, паведамляе Еўрапейская праўда.

Пра тое, што Украіна мае намер падаць такую заяўку, паведаміў прэзідэнт Пётр Парашэнка.

Як вядома, статутныя дакументы ЕС утрымліваюць абмежаванні — заяўку на атрыманне сяброўства могуць падаваць толькі «еўрапейскія дзяржавы». Еўрасаюз пазбягае такога вызначэння ў дакументах, якія тычацца Украіны.

Падчас прэс-канферэнцыі Юнкер адмовіўся наўпрост адказваць на пытанне, ці з'яўляецца Украіна еўрапейскай дзяржавай, але не выключыў, што ЕС зробіць такое прызнанне пазней.

«На мой погляд, Украіна — частка еўрапейскай сям'і. Не афрыканскай, а еўрапейскай», — пазбег ён ужывання такога тэрміна, часткова паўтарыўшы сваю папярэднюю заяву.

У той жа час, прэзідэнт Парашэнка настойвае, што Украіна мае права падаць такую заяўку.

«49 артыкул дамовы дае права ўсім еўрапейскім краінам падаваць заяўку на атрыманне сяброўства ў ЕС, а Украіна — гэта еўрапейская краіна», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?